На медыцыну з «рэзервовага фонду» выдзелена 140 мільёнаў рублёў — пры «дзірцы» у 2 мільярды долараў

Лукашэнка выдзеліў Міністэрству аховы здароўя са свайго «рэзервовага фонду» 140 мільёнаў рублёў.

c3410000_0aff_0242_04fe_08d99c97bd41_w1023_r1_s.jpg


Як гаворыцца ў адпаведным распараджэнні, сродкі будуць накіраваныя на набыццё вакцын, а таксама лекавых прэпаратаў.

«Гэта дасць магчымасць забяспечыць якаснае аказанне медыцынскай дапамогі, у тым ліку планавай, бесперабойную пастаўку лекаў у арганізацыі аховы здароўя», — адзначае прэсавя служба Лукашэнкі, піша «Радыё Свабода».

Але выглядае, што выдаткаваная сума не пакрые рэальныя патрэбы беларускай медыцыны. У мінулым месяцы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка панаракаў, што грошай «не хапае катастрафічна», бо ўздым захворвання прымушае шукаць дадатковыя крыніцы фінансавання.

Тады ён паведаміў, што ўрад будзе звяртацца да Лукашэнкі з просьбай аб выдзяленні дадатковых сродкаў у памеры 250 млн рублёў, 140 з якіх пойдзе на закупку лекаў і вакцын. Такім чынам, грошы ў «рэзервовым фондзе» знайшліся толькі на апошняе.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2021 годзе з бюджэту на ахову здароўя выдзелена больш за 7,5 мільярдаў рублёў, з якіх 6 мільярдаў ужо патрацілі. Гэта азначае, што медыцына забірае на сябе прыкладна 600 мільёнаў рублёў штомесяц.

Пры гэтым Лукашэнка, каментуючы ініцыятыву спаганяць падатак з кожнага ўладальніка кватэры, паскардзіўся, што на канец году «вымаляваліся 2 мільярды долараў непрадбачаных расходаў, каб ратаваць людзей».

Нельга выключаць, што пры такім раскладзе брак сродкаў у медыцынскай сферы бліжэйшым часам стане крытычным.