Падатковая амністыя ці падатковы хапун: чаго чакаць ад ініцыятывы ўладаў?
Ці будуць бізнес і фізічныя асобы добраахвотна выводзіць свае даходы з ценю? Эканаміст Аляксандр Кныровіч разважае на «Филине» пра магчымую падатковую амністыю і барацьбу з карупцыяй у Беларусі.

У Беларусі плануюць правесці падатковую амністыю з вызваленнем ад адказнасці тых, хто добраахвотна задэкларуе свае даходы і актывы. Яе канцэпцыя, а таксама нацыянальныя стандарты процідзеяння карупцыі ўжо распрацоўваюцца, заявіў генпракурор Андрэй Швед на пасяджэнні Міждзяржсавета СНД па супрацьдзеянні карупцыі ў Екацярынбургу.
Таксама чыноўнік шмат казаў пра беларускі досвед і пахваліўся стратэгіяй барацьбы з карупцыяй — дакумент прынялі ў канцы 2022 года для «сістэмнага процідзеяння», у тым ліку «выяўлення і ліквідацыі базавых прычын і ўмоў» карупцыі.
Наогул, падатковая амністыя ўжывалася ў многіх краінах, ад Аргенціны і Інданезіі да Германіі і ЗША, з большым ці меншым поспехам (у Турцыі і Індыі гэта наогул рэгулярныя мерапрыемствы). Але ў Беларусі — свая мадэль камандна-адміністрацыйнай эканомікі і свае крэатыўныя рэцэпты выхаду з крызісу, таму не зусім ясна, у нашым выпадку падатковая амністыя — гэта добра ці дрэнна.
Пра тое, ці будуць бізнес і фізічныя асобы добраахвотна выводзіць свае даходы з ценю, або крэдыт даверу да дзяржавы вычарпаны і нявыплата падаткаў увайшла ў беларусаў у звычку, і чым, хутчэй за ўсё, скончыцца новы віток барацьбы з карупцыяй, Філін пагаварыў з бізнэсоўцам Аляксандрам Кныровічам.
— Самае галоўнае ў гэтым тое, што няма ніякага даверу да дзяржавы. І гэты недавер мае вельмі глыбокія карані, — кажа прадпрымальнік.— Я нагадаю адзін дакумент, які з вялікай помпай прымаўся, і ўсе дзяржаўныя СМІ, усе прапагандысты распавядалі, што Беларусь — краіна ўнікальная для бізнэсу, а будзе яшчэ лепш. Гэта дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва», датаваны ён канцом 2017 года, і там было шмат выдатных пунктаў.
Напрыклад, штрафныя санкцыі, накладзеныя на прадпрыемства, не павінны перавышаць рэальна нанесеную шкоду. А таксама аб тым, што ў бліжэйшыя паўгода павінны быць прадугледжаны змены ў заканадаўстве, змякчальныя адказнасць па эканамічных артыкулах. Аж да таго, што чалавек, які ўпершыню прыцягваецца да адказнасці па артыкулах эканамічнага характару, не павінен атрымліваць у прысудзе пазбаўленне волі (паколькі эканамічнае злачынства не нясе пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі).
Глядзіце таксама

На практыцы ж, працягвае Аляксандр Кныровіч, атрымалася роўна адваротнае. Замест таго, каб палегчыць долю прадпрымальнікаў і ўжываць штрафныя санкцыі ў адпаведнасці з рэальна нанесенай шкодай, улады пачалі ўзмацняць ціск.
У прыватнасці, тэрміны пазбаўлення волі за 243 КК РБ (ухіленне ад выплаты падаткаў, падатковае махлярства са шкодай у буйным і асабліва буйным памеры) павялічылі: ад 3 да 7 і ад 5 да 12 гадоў адпаведна.
— Таму і тут я не выключаю, што пад рубрыкай «мы палягчаем жыццё прадпрымальнікаў» заяўленая падатковая амністыя ператворыцца ў хапун прадпрымальнікаў, — кажа бізнесмен. — Прытым для гэтага зусім не патрэбныя ніякія законы: тое, што будзе прапісана ў дакументах, і тое, што будзе адбывацца насамрэч — дзве абсалютна розныя рэальнасці.
Мяркую, што, нават калі рашэнне аб падатковай амністыі будзе прынятае, яго папулярнасць будзе прыкладна такая ж, як папулярнасць «камісіі па вернутых» — маўляў, пішыце, мы вам усім усё даруем. І звяртаючыся да прадпрымальнікаў, прапанаваў бы не верыць ні на секунду гэтым людзям.
...Акрамя падатковай амністыі, генпракурор казаў пра карупцыю і яе прафілактыку — у прыватнасці, праз прыцягненне грамадства і «развіццё грамадскага кантролю». Якія формы гэта можа набыць у сучаснай Беларусі?
— Швед прапануе даносіць, — канстатуе эканаміст. — У стукацтва ў Беларусі, як і ва ўсім былым Савецкім Саюзе, глыбокія карані. Як казаў Сяргей Даўлатаў, «мы без канца праклінаем таварыша Сталіна, і, зразумела, за справу. І ўсё ж я хачу спытаць: хто напісаў чатыры мільёны даносаў?».
Глядзіце таксама

Стукацтва — у традыцыях савецкага грамадства, і тое, што мы бачылі на наступствах 2020-га, яно б роўненька перамясцілася ў беларускае грамадства. Прытым, як у 1930-я, так і цяпер даносы часта з'яўляецца спосабам асабістай помсты, ніяк не звязанай з падзеямі, што адбываюцца.
Але за межамі гэтай традыцыі ёсць нармальныя адносіны ў іншых краінах, маю на ўвазе адносіны паміж людзьмі і дзяржавай. Прывяду свой прыклад: я пражываю цяпер у Польшчы ў добрым раёне. І калі хтосьці тут паркуецца няправільна, перакрывае дарожкі — не лічыцца ганебным выклікаць даішніка прама цяпер. Таму што ёсць давер паміж людзьмі і дзяржавай: дзяржава не тое, каб сябар, а слуга чалавека. У гэтых умовах можна было б казаць пра тое, што і мы павінны дапамагаць дзяржаве і паведамляць пра выпадкі, калі нам здаецца, што падаткі хтосьці не плаціць.
Аднак мы маем зусім іншую дзяржаву: дзяржаву-дыктатара, дзяржаву-тырана, якая толькі рада пасадзіць у турму невінаватага чалавека за неіснуючыя злачынствы. І таму я абсалютна перакананы, што калі і будуць выпадкі стукацтва, то яны будуць мінімальнымі. Таму што, каб стукаць па падатковых злачынствах, трэба не толькі мець жаданне камусьці адпомсціць, дык яшчэ і разбірацца ў прадмеце — а гэта спалучэнне рэдкае.
Калісьці Аляксандр Лукашэнка прыйшоў ва ўладу якраз пад знакам барацьбы з карупцыяй, і вось ужо амаль 30 гадоў гэтая барацьба працягваецца. Але калі паглядзець беларускую статыстыку карупцыйных злачынстваў хоць бы за апошнія пяць гадоў, вымалёўваецца цікавая карціна.
Паводле звестак Вярхоўнага суда РБ, у 2018-2019 гадах за такія злачынствы былі прыцягнутыя да адказнасці больш за 1000 чалавек, у 2020-м — 684, у 2021 — 640, а ў 2022 зноў пайшоў рост — 763 чалавекі. Выходзіць, сістэма не працуе?
— Чаму ж, як раз працуе, — пярэчыць Аляксандр Кныровіч. — Яна менавіта ў гэтым і палягае.
Чалавек, які ідзе вучыцца на мытніка, ведаючы, што там вельмі маленькая зарплата, свядома ідзе на тое, што ён збіраецца красці. Чалавек, які ідзе на дзяржслужбу з маленькім заробкам (а беларускі чыноўнік бедны ў параўнанні з той адказнасцю, якая на ім ляжыць — ён адказвае за мільёны долараў, а атрымлівае сотні), ідзе ў сістэму, збіраючыся красці.
Калі іх на гэтым крадзяжы ловяць, гэта называецца барацьбой з карупцыяй — і атрымліваецца замкнёны цыкл. Тут усё па правілах, па парадку, і не трэба ім перашкаджаць: яны самі крадуць, самі сябе ловяць, самі сабе даюць справаздачу, пляскаюць у ладкі і працягваюць гэтую гульню.
Пераклад НЧ