Прагноз Сусветнага банка: ВУП Беларусі знізіцца на 6,5%, інфляцыя складзе 21,1%
Сусветны банк выпусціў абноўлены прагноз развіцця эканомік краін рэгіёну Еўропы і Цэнтральнай Азіі на 2022 год. ВУП Беларусі, паводле новай ацэнкі, Сусветнага банка, у гэтым годзе ўпадзе на 6,5%, экспарт паменшыцца на 14,2%, а імпарт — на 18,6%.
Інфляцыя ў Беларусі чакаецца на ўзроўні 21,1%, дэфіцыт плацежнага
балансу бягучага рахунку ацэнены ў 0,8% ВУП, дзярждоўг складзе 36,4% ад ВУП.
У 2023-24 гадах Сусветны банк прагназуе вяртанне беларускай
эканомікі да росту на ўзроўні 1,5-1,6% у год. Інфляцыя замарудзіцца спачатку да
11,9%, а затым да 7,2%.
У справаздачы Сусветнага банка адзначаецца, што прагноз мае
высокую ступень нявызначанасці, звязанай з вонкавымі абставіны і залежыць ад
развіцця вайны Расіі супраць Украіны.
У ім улічваюцца санкцыі ЕС ад 2 сакавіка, якія
прадугледжваюць забарону на пастаўкі ў Еўрасаюз шэрагу катэгорый тавараў,
уключаючы металы, прадукцыю дрэваапрацоўкі. Непасрэдна яны закранаюць 13%
таварнага экспарту. З улікам спынення гандлю з Украінай рызыцы падлягаюць 30%
экспарту тавараў з Беларусі. Ацэнкі Сусветнага банка не ўлічваюць транспартнае эмбарга і новыя санкцыі, уведзеныя ЕС супраць Беларусі і Расіі на мінулым
тыдні.
Паводле reform.news.