Санкцыі не працуюць? «Нафтан» — больш не «Нафтан»

Наваполацкі завод СТАА «ЛЛК-НАФТАН» вырашыў змяніць назву, структуру уласнасці і пашырыць колькасць уладальнікаў, каб пазбегнуць санкцый ЗША.

flagi_llk.jpg


Наваполацкі завод СТАА «ЛЛК-НАФТАН» — адзін з найбуйнейшых вытворцаў прысадак, дадаткаў у масла і паліва на постсавецкай прасторы — вясной 2021 года вырашыў змяніць назву, структуру ўласнасці і пашырыць колькасць уладальнікаў. З 17 траўня слова «НАФТАН» з назвы прадпрыемства знікла. Цяпер яно называецца ТАА «ЭддиТек», піша «Еўрарадыё».

Акрамя таго, у кампаніі з’явіўся новы ўласнік. Раней завод 50% на 50% належаў «Нафтану» і «Лукойлу». Цяпер трыма адсоткамі валодае Наваполацкі гарвыканкам. Іх узялі з долі «Нафтана».

3 чэрвеня пачнуць дзейнічаць санкцыі ЗША супраць «Белнафтахіма» і яшчэ васьмі беларускіх прадпрыемстваў, сярод якіх і «Нафтан». У заяве Мінфіна ЗША ад 19 красавіка гаворыцца, што забараняюцца транзакцыі не толькі з санкцыйнымі кампаніямі, але і з прадпрыемствамі, у якіх доля кампаній з блэкліста складае 50% і больш. Прычым гаворыцца аб «валоданні прамым і ўскосным», хоць што значыць «ускоснае валоданне» — не ўдакладняецца.

vladelcy.png


Дырэктар прадпрыемства Андрэй Званцоў спачатку пракаментаваў перайменаванне кампаніі, але неўзабаве адклікаў свой каментар, спаслаўшыся на забарону з боку ўласнікаў.

«ЛЛК-НАФТАН» (цяпер «ЭддиТек») называе сябе найбуйнейшым комплексным вытворцам прысадак на тэрыторыі краін былога СССР. У 2014 годзе кампанія была прызнаная «найлепшым экспарцёрам» у намінацыі «Нафтаперапрацоўчая, хімічная і нафтахімічная прамысловасць з гадавым аб'ёмам экспарту звыш $25 млн». Каля 95% прадукцыі завода ідзе на экспарт.

Да 21 траўня прадпрыемства на 50% належала «Нафтану». Па сутнасці. у 2006 годзе частка перапрацоўчага комплексу, дзе вырабляліся прысадкі, была выдзелена ў асобную юрыдычную асобу, якой на парытэтнай аснове валодалі «Нафтан» і «Лукойл». Вытворца прысадак не можа адмовіцца ад супрацоўніцтва з нафтаперапрацоўчым заводам, паколькі ўсе асноўныя тэхпрацэсы наўпрост з ім звязаныя.

А доля ў 50% «Нафтана» ў гэтай вытворчасці магла падставіць кампанію пад санкцыі ЗША і вывесці на іншых. Свае прысадкі «ЭддиТек» пастаўляе буйным расійскім вытворцам машынных масел «Лукойл», «Раснафта» і «Газпрамнафта». А таксама ва Украіну, Турцыю, Румынію, Фінляндыю, Бельгію, Нідэрланды, Сінгапур, ПАР, ААЭ, Славакію, Узбекістан, Латвію і Літву: усяго каля 40 краін і 80 ключавых кампаній-партнёраў з СНД, Еўрасаюза, Блізкага Усходу, Азіі і Афрыкі. У найбольш цяжкай для Беларусі трактоўцы амерыканскіх санкцый трапіць пад іх рызыкавалі ўсе контрагенты беларускай кампаніі.