Нямецкія раварысты адмовіліся ад удзелу ў чэмпіянаце Еўропы, які пройдзе ў Мінску
Федэрацыя веласпорту Германіі выступіла з заявай пра тое, што адмаўляецца прыязджаць на чэмпіянат Еўропы на трэку ў Мінск. Турнір павінен адбыцца ў Беларусі з 23 да 27 чэрвеня. Але ці адбудзецца, цяпер незразумела.
«Федэрацыя веласпорту Германіі паведамляе Еўрапейскаму роварнаму саюзу (UEC) аб сваім няўдзеле ў чэмпіянаце Еўропы ў Мінску. Пасля падзей у выхадныя Нямецкая асацыяцыя раварыстаў звязалася з UEC і дала зразумець, што ў гэтай сітуацыі нацыянальная зборная ў трэкавым веласпорце не можа браць удзел у чэмпіянаце Еўропы ў Мінску і настойвае на альтэрнатыўным рашэнні», — гаворыцца ў паведамленні.
UEC, у сваю чаргу, заяўляе, што таксама крытычна ставіцца да
таго, што адбываецца, і абмяркуе далейшы лёс турніру ў Мінску ў найбліжэйшы
чацвер на пасяджэнні ўпраўлення ў Лазане (Швейцарыя).
Адметна, што заклікі перанесці турнір з Беларусі рэгулярна паступалі на адрас UEC раней, але чыноўнікі Еўрапейскага роварнага саюза кожны раз адказвалі, што ЧС мусіць адбыцца толькі ў Мінску.
Паводле «Белсата».