Што б гэта значыла? Вялікая дэлегацыя польскай нафтавай кампаніі «Orlen» прыехала ва Украіну

Украіну з візітам наведвае прадстаўнічая дэлегацыя польскага канцэрна «Orlen», які займаецца нафтаперапрацоўкай. Як паведамляе reform.by, у Кіеў прыехалі 25 топ-менеджараў кампаніі на чале са старшынёй праўлення Даніэлем Абайтэкам.

orlen.jpg

Паводле некаторай інфармацыі, прайшлі перамовы ў Міністэрстве энергетыкі і НАК «Нафтагаз Украіны». Тэматыка перамоў і магчымыя дамоўленасці не называюцца.

«Orlen» з'яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў нафтапрадуктаў ва Украіну.

Падчас нядаўняй «Вялікай размовы» Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў украінскі ўрад у няўдзячнасці за пастаўкі дадатковых аб'ёмаў дызельнага паліва з Беларусі ў папярэднія гады, а таксама заявіў, што разам з РФ можа лёгка паставіць афіцыйны Кіеў на калені, спыніўшы пастаўкі паліва і ГЗМ у гэтую краіну.

Пагрозы Аляксандра Лукашэнкі падрабязна разабраў дырэктар украінскай «Кансалтынгавай групы А-95» Сяргей Куюн у сваім артыкуле на Liga.net. Ён таксама прапанаваў магчымыя шляхі дыверсіфікацыі паставак паліва на рынак краіны: стымуляваць пастаўкі морам, з Польшчы, а таксама дагрузіць украінскія НПЗ і перамагчы шэры рынак паліва.

Па выніках сямі месяцаў 2021 года доля беларускіх НПЗ на ўкраінскім рынку бензіну склала 50%, дызпаліва — 35%, бітуму — 50%.