45 сутак запар. Таццяну Батура зноў асудзілі за «дробнае хулігаства»
Таццяну Батура, затрыманую месяц таму на судзе Вольгі Залатар, не выпусцілі на волю пасля 30 сутак арышту і зноў арыштавалі за «дробнае хулігаства». Таццяне працягваюць пагражаць сілавікі. У карцары яна пяць дзён трымала галадоўку, паведамляюць праваабаронцы.
Учора пасля 30 сутак арышту не выйшла на волю 32-гадовая Таццяна Батура, якую затрымалі 15 лістапада перад судом над палітзняволенай Вольгай Залатар. 15 снежня сваякі чакалі Таццяну пад Акрэсціна больш за дзве гадзіны, але потым стала вядома, што яе перавезлі ў Фрунзенскі РУУС. Там маці паведамілі, што Батура здзейсніла «правапарушэнне», таму на яе склалі чарговы пратакол.
У судзе Фрунзенскага раёна 16 снежня над дзяўчынай прайшоў суд. На гэты раз справу разглядала суддзя Юлія Блізнюк. Яна нават хацела пачаць разглядаць справу без адваката, бо тое, што ён не паспявае, «ягоныя праблемы», але ўсё ж такі суд адбыўся пры адвакаце.
Адвакат адразу звярнуў увагу суддзі, што Таццяну ўжо ў трэці раз не азнаёмілі з матэрыяламі справы. Згодна з рапартам міліцыянтаў, Таццяну ўчора запрасілі на гутарку ў РУУС наўпрост з ЦІПа.
Падчас суда Юлія Блізнюк адхіліла шэсць хадайніцтваў, якія заявіў адвакат, а задаволіла толькі хадайніцтва аб выкліку сведкі.
Паводле пратаколу, 15 снежня каля 17:10 на тэрыторыі Фрунзенскага РУУСа Таццяна «пачала паводзіць сябе агрэсіўна і задзірліва, гучна крычаць, выбіла з рук Загора тэчку, а на заўвагі не рэагавала». За гэта “правапарушэнне” на яе склалі пратакол па арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Сваю віну Таццяна не прызнала.
Па яе словах, учора ў 13:35 27-гадовы ўчастковы Дзяшко Сяргей Іванавіч у ЦІПе прапанаваў ёй праехаць на гутарку, а пасля яе адмовы адказаў, што яна яшчэ не адбыла свой тэрмін і гэта неабходна зрабіць. Акрамя гэтага, Дзяшко складаў і пратакол на дзяўчыну. Ва ўпраўленні яна не здзейсняла ніякіх хуліганскія дзеянняў і дабраахвотна зайшла за міліцыянтамі ў РУУС. Але суддзя вырашыла, што неабходнасці ў праглядзе відэа з камер назірання няма.
Акрамя гэтага, міліцыянты працягваюць пагражаць Таццяне, што будуць яе некалькі месяцаў утрымліваць на Акрэсціна, бо ім вельмі не спадабалася, што праваабаронцам трапілі аўдыёзапісы затрымання Таццяны 15 лістапада. Пра гэта яна таксама заявіла на судовым працэсе.
З 18 лістапада па 5 снежня дзяўчыну ўтрымлівалі ў карцары. Апошнія пяць дзён яна трымала галадоўку. Пасля гэтага начальнік ЦІПу перавёў яе ў камеру.
Вынік суда быў прадказальны – чарговыя 15 сутак арышту.
Нагадаем, што падчас першага суда Таццяна заявіла пра збіццё ў Фрунзенскім РУУСе — яе ўдарылі галавой аб шафу, у бальніцы дыягнаставалі ўдар галавы, але суддзя Марыя Ярохіна заявіла, што «гэта не мае дачынення да справы»,ё і арыштавала дзяўчыну на 15 сутак.