Адвакатку Людмілу Казак судзяць па двух пратаколах. Першы раз справу адправілі «на дапрацоўку»

На адвакатку Людмілу Казак складзеныя два пратаколы паводле артыкулаў 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі.

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY

У пратаколах сведкамі запісаныя асобы з змененымі персанальнымі дадзенымі. Пра гэта Казак распавяла сваім абаронцам, якіх пусцілі да яе ў ІЧУ на Акрэсціна, піша TUT.BY.

Разгляд адміністрацыйнай справы Людмілы Казак прызначаны на 15:00 25 верасня ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска. Суддзёй прызначаны Аляксандр Рудэнка.

Пасля таго як адвакаты Людмілы Казак азнаёміліся са справай, суд адправіў справу на «дапрацоўку» у РУУС Кастрычніцкага раёна Мінска. Але наступнае судовае паседжанне па «дапрацаваным» пратаколам прызначылі на 16:00 25 верасня.

Як расказалі TUT.BY абаронцы Людмілы Казак Віктар Мацкевіч і Святлана Гарбаток, яны не маглі трапіць да кліента ў ІЧУ больш за тры гадзіны. Адміністрацыя ІЧУ спачатку спасылалася на каранцін, потым — на ўнутраныя «мерапрыемствы» ў ІЧУ. У выніку адвакатаў пусцілі ІЧУ па адным.

«Людміла распавяла, што яе схапілі на вуліцы Камуністычнай, калі яна падыходзіла да машыны, трое мужчын. Адзін, як яна зразумела, быў супрацоўнікам АМАПу, а двое — невядома хто, у масках. Яе прывезлі ў Цэнтральны РУУС, працаваў з ёй супрацоўнік РАУС Вусік. Склалі пратаколы па артыкулах 23.34 і 23.4 КаАП — удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Нібыта 30 жніўня яна была на масавым мерапрыемстве на праспекце Пераможцаў. На самай справе яна была ў гэты дзень у ГЦ «Галілеа» з дачкой, куплялі рэчы да школы. Сведкамі ў пратаколах былі пазначаны «Івановы Іваны Іванавічы» — асобы, чые персанальныя дадзеныя змененыя. Копіі пратаколаў ёй не ўручылі. З матэрыяламі справы не азнаёмілі», — распавёў TUT.BY Віктар Мацкевіч.

Па словах Казак, супрацоўнікі міліцыі, якія размаўлялі з ёй, паводзілі сябе напышліва і па-хамску, называлі «дамачка» і казалі «вы тут, і павінны падпарадкоўвацца нашым патрабаванням».

«Ігнаравалі яе словы, што ёй трэба ў судовае пасяджэнне да 14 гадзін. Людміла прасіла патэлефанаваць мужу, Чайчыцу (Віктар Чайчыц — кіраўнік Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў), Швакаву (Аляксей Швакаў — старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў), выклікаць адваката, выклікаць хуткую, бо ў яе было дрэннае самаадчуванне. Патрабавалі разблакаваць тэлефон, яна адмовілася, ніхто не хаваў тое, што «нам цікавыя вашы тэлефоны». Ва ўсіх пратаколах і ў асобных скаргах яна пісала, што гэта пераслед за прафесійную дзейнасць, што рэчы, якія адбіраюцца, утрымліваюць адвакацкую таямніцу. Людміле, вядома цяжка, стан пакідае жадаць лепшага, але яна моцная жанчына і трымаецца, глыбока абураная тым, што адбываецца», — распавялі абаронцы Казак.

Адвакаты заяўляюць: факт брутальнага затрымання і зняволення ў ІЧУ, прад'яўлення надуманых адміністрацыйна-прававых прэтэнзій кажа пра тое, што на адваката Людмілу Казак аказваецца ціск і ажыццяўляецца яе пераслед у сувязі з прафесійнай дзейнасцю з мэтай дыскрэдытаваць яе і пакараць за прынцыповую і актыўную прафесійную пазіцыю.

Нагадаем, адвакатка Марыі Калеснікавай Людміла Казак перастала выходзіць на сувязь напярэдадні днём. Увечары яе адвакаты даведаліся, што яна ў ІЧУ на Акрэсціна па адміністрацыйнай справе, артыкул абаронцам называць адмовіліся.

spring96.org