Адвакатку Марыі Калеснікавай Людмілу Казак аштрафавалі і вызвалілі
Адвакатку Марыі Калеснікавай Людмілу Казак аштрафавалі на 675 рублёў за «непадпарадкаваннем супрацоўнікам міліцыі» (суддзя — Аляксандр Рудэнка) і вызвалілі.

Людміла Казак. Фота advokat.by
Казак была затрымана ў чацвер у цэнтры Мінска трыма невядомымі ў масках, ноч правяла ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
У пятніцу адвакатку судзілі ў судзе Кастрычніцкага раёна. Яна прысутнічала там віртуальна — праз скайп. Міліцыянеры-сведкі былі ў балаклавах, выступалі пад прыдуманымі прозвішчамі. Яны сцвярджалі, што Людміла Казак супраціўлялася пры затрыманні. Яны не прадстаўляліся і не патлумачылі прычыну затрымання, заявіла адвакатка. Пры сабе яна мела матэрыялы па справе Марыі Калеснікавай, якія ўтрымліваюць адвакацкую таямніцу.
Казак — шматдзетная маці, у яе трое непаўнагадовых дзяцей. Яна лічыць, што затрыманне звязанае з яе прафесійнай дзейнасцю — абаронай Калеснікавай.
Людміла Казак пасля выхаду на волю паказала журналістам скаргу, напісаную на кавалку тканіны (паперы для скаргі не далі). Яе аўтарка — сукамэрніца Наталля Хершэ, беларуска са Швайцарыі, якую арыштавалі 19 верасня на 15 сутак за ўдзел у жаночым маршы ў Мінску. Яе падазраюць у супраціве супрацоўніку органаў унутраных спраў з прымяненнем гвалту, а гэта крымінальная справа.