Аляксей Клюшнічэнка аштрафаваны «за Курапаты»

Актыўны ўдзельнік абароны тэрыторыі ля Курапатаў, сябра Руху «За Свабоду» Аляксей Клюшнічэнка аштрафаваны на 15 базавых велічыняў (345 рублёў) па абвінавачванні ў парушэнні парадку пікетавання.

Аляксей Клюшнічэнка. Фота з сайта pyx.by

Аляксей Клюшнічэнка. Фота з сайта pyx.by

Суд працягваўся два дні. У першы дзень суддзя Таццяна Матыль перанесла пасяджэнне праз няяўку сведкаў-міліцыянтаў. Яна паспела ў першы дзень апытаць актывіста, суддзю цікавіла, што рабіў Клюшнічэнка ля Курапатаў у 4 гадзіны раніцы 23 лютага, калі на лагер абаронцаў напалі невядомыя. У матэрыялах справы былі ўказанні на тое, што актывіст парушыў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў.

Сёння сведкі прыйшлі, распавёў сайту Pyx.by Аляксей Клюшнічэнка. Яны распавядалі, што актывіст «абураўся будоўляй на касцях», «аднаўляў намёты і плакаты» і казаў: «Праз напад мы не сыдзем адсюль і будзем стаяць да апошняга».

«Пры гэтым сведкі не змаглі нават сказаць, калі я гэта ўсё казаў», — дадаў Клюшнічэнка.

У выніку суддзя Матыль прыняла рашэнне, што актывіст парушыў парадак правядзення пікетавання і аштрафавала яго на 15 базавых велічыняў.

«Замест пошуку тых, хто напаў на лагер абаронцаў тэрыторыі ля Курапатаў, улады намагаюцца пакараць іх абаронцаў. Асабліва абсурдна гучыць абвінавачванне Клюшнічэнкі ва ўдзеле ў пікеце ў 4 ночы», — пракаментаваў прысуд старшыня Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч

Вольга Быкоўская, Pyx.by