«Amnesty International» патрабуе вызвалення Кацярыны Віннікавай
«Amnesty International» патрабуе неадкладнага і безумоўнага вызвалення Кацярыны Віннікавай, выпускніцы юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, якая была затрыманая пасля прамовы на ўручэнні дыпломаў.
Нагадаем, у сваёй прамове Кацярына Віннікава ўшанавала былых супрацоўнікаў факультэта і яго выпускнікоў, якія падпалі пад рэпрэсіі за падтрымку мірных пратэстаў.
«Беларускія ўлады ў чарговы раз прадэманстравалі, што пойдуць на любыя крокі, каб здушыць іншадумства ў грамадстве. Апошняя ахвяра гэтай кампаніі — учарашняя студэнтка, меркаванае злачынства якой складалася толькі ў тым, што яна заявіла пра павагу да правоў і заклікала да справядлівасці перад сваімі аднагодкамі з універсітэта», — заявіла дырэктарка «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стразерс.
«Кацярына Віннікава павінна быць неадкладна і безумоўна вызвалена, яе пераслед у любой форме павінен быць спынены. Беларускія ўлады абавязаны спыніць барацьбу са сваім народам і пакласці канец палітычна матываваным рэпрэсіям, вызваліўшы ўсіх, хто быў пазбаўлены волі выключна за ажыццяўленне сваіх правоў чалавека», — дадала яна.
29 чэрвеня Кацярына Віннікава выступіла з выпускной прамовай, у якой сказала: «Я жадаю кожнаму з нас любіць, абараняць і адстойваць права з гонарам і годнасцю сапраўднага юрыста, незалежна ад тых цяжкасцей, якія ёсць і будуць. Ведаць закон, верыць у закон». «Калі ласка, памятайце, што права — гэта мастацтва дабрыні і справядлівасці. А дабрыня, розум і чалавечая годнасць разам заўсёды перамагаюць», — дадала яна па-беларуску.
Яна таксама падзякавала былым выкладчыкам і выпускнікам, якія «паказалі сваім прыкладам, што такое права і хто такі юрыст», сярод іншых — звольненым за свае погляды выкладчыцам Алене Басалай і Алене Лаеўскай, а таксама арыштаванаму ў верасні мінулага года адвакату Максіму Знаку, абвінавачанаму ў «змове з мэтай захопу ўлады» і «стварэнні экстрэмісцкага фармiравання».
Паводле слоў сяброў Кацярыны Віннікавай, ужо на наступны дзень, 30 чэрвеня, яе выклікалі ў Ленінскае РУУС Мінска, дапытвалі на працягу сямі гадзін і затрымалі да наступнай раніцы. Ёй не дазволілі сустрэцца з адвакатам. Кацярыне Віннікавай было прад'яўленае абвінавачанне ў «правядзенні несанкцыянаванага мітынгу» (арт. 23.34 КаАП), ёй прысудзілі 15 сутак арышту. 1 ліпеня ў пакоі інтэрната, дзе яна жыве, быў праведзены ператрус, быў канфіскаваны яе ноўтбук.