Студэнтку юрфака, якая выступіла з моцнай прамовай на цырымоніі ўручэння дыпломаў, усё ж затрымалі
Пра затрыманне Кацярыны Віннікавай паведамлялася яшчэ напярэдадні, але тады дзяўчыне проста ўручылі позву. Сёння пасля шматгадзіннага допыту яна не выйшла на волю, піша «Студэнцкая думка».

Затрымалі студэнтку юрфака БДУ Кацярыну Віннікаву, якая выступіла з моцнай прамовай на цырымоніі ўручэння дыпломаў. Паведамляюць, што спачатку ў студэнткі ў інтэрнаце правялі ператрус, канфіскавалі ноўтбук. Яе некалькі гадзін дапытвалі ў РУУСе, прычым адваката падчас допыту не пусцілі. Пазней дзяўчына патэлефанавала, паведаміла пра затрыманне і сказала, што чакае адваката для падпісання пратаколу.
Прычынай затрымання, хутчэй за ўсё, стала прамова, з якой Кацярына Віннікава выступіла падчас цырымоніі атрымання дыпломаў. Яна са сцэны высока ацаніла і падзякавала шэрагу рэпрэсаваных выкладчыкаў, у тым ліку і палітвязню Максіму Знаку.