Арцёма Анішчука ў бабруйскай калоніі змясцілі ў ШІЗА

Асуджанага фігуранта справы «пяцёркі, якая пашкодзіла машыну супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца» Арцёма Анішчука змясцілі ў штрафны ізалятар, але тэрмін і прычына пакарання пакуль невядомыя, паведамляюць праваабаронцы.

Арцём Анішчук

Арцём Анішчук

Жонцы Арцёма Вользе ў калоніі па тэлефоне сказалі, што не могуць пракаментаваць змяшчэнне яе мужа ў ШІЗА, бо гэта «службовая інфармацыя».  
Арцёма змяшчалі ў ШІЗА на 7 сутак у бабруйскай калоніі ў лістападзе. Таксама ў кастрычніку вязня пазбавілі доўгатэрміновага спаткання.


Нагадаем, год таму Арцёма Анішчука асудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі і этапавалі ў магілёскую калонію №15. Там ён заяўляў пра катаванні і збіццё. Каб спыніць гвалт і ціск у адносінах сябе, яму прыйшлося праглынуць металічныя прадметы. У ПК-15 супраць Арцёма завялі крымінальную справу па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Справа да гэтага часу не закрытая, хоць пракуратура вынесла адпаведную пастанову.
Арцёма ў верасні перавялі ў бабруйскую калонію №2. Там ён даведаўся, што супраць яго ўзбудзілі крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкса — за абразу міліцыянта ў закрытым тэлеграм-чаце да яго затрымання. Следства па ёй працягваецца і цяпер.
Па фактах публікацый у медыя ў адносінах да Вольгі праводзілася праверка па артыкуле за паклёп на начальніка калоніі №15. Жонку Арцёма 28 снежня затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Перад гэтым дома ў Анішчукоў правялі ператрус, але нават не пакінулі пастанову, дзе мусілі быць пазначаны падставы для ператрусу і артыкул Крымінальнага кодэкса.