Беларус Максім Вайткявічус пасля арышту ў Арменіі папрасіў у гэтай краіне палітычны прытулак

24-гадовы беларус Максім Вайткявічус, якога на пачатку лютага затрымалі на армянскай мяжы, а затым зьмясьцілі пад варту, папрасіў у Ерэване даць яму палітычны прытулак. Пра гэта паведамляе «Свабода» са спасылкай ад армянскую службу.

1447248_414824_756x425.jpg

Вайткявічус абвешчаны ў Беларусі ў вышук па абвінавачаньні ва ўхіленьні ад службы ў войску.

«Суд, не даючы ацэнкі аргумэнтаў, прыняў рашэньне на падставе таго, што чалавек знаходзіцца ў вышуку ў іншай краіне і таму ён павінен знаходзіцца ў турме да паступленьня хадайніцтва аб экстрадыцыі», — заявіла адвакатка Вайткявічуса Ані Шаціньян.

Вайткявічус расказаў прадстаўнікам Хэльсынскай грамадзянскай асамблеі, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у дэманстрацыях пратэсту ў Беларусі, пасьля якіх яго арыштавалі на 14 сутак і катавалі ў турме.

Але, паводле адваката, армянскі суд праігнараваў усё гэта і прыняў рашэньне арыштаваць яго.

Вайткявічус, які ўцёк зь Беларусі, даволі доўга жыў і працаваў у Грузіі, перш чым прыехаць у Ерэван на канцэрт. Ані Шаціньян сьцьвярджае, што беларускія праваахоўнікі выкарыстоўваюць распачатую крымінальную справу як падставу для пакараньня маладога чалавека з апазыцыйнымі поглядамі, таму армянская пракуратура не павінна экстрадаваць яго ў Беларусь.

«Калі Армэнія прыме рашэньне аб экстрадыцыі Вайткявічуса, яна стане прамым саўдзельнікам парушэньня артыкула 3 Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека, таму што ўжо ёсьць выразныя абгрунтаваньні і сьцьвярджэньні, што чалавек сапраўды ўцёк ад гвалту», — падкрэсьліла юрыстка.


Глядзіце таксама

Гэта ня першы выпадак за апошні час, калі ў Армэніі затрымліваюць грамадзяніна Беларусі, якога перасьледуюць улады гэтай краіны.

Раней беларускія ўлады накіравалі ў Ерэван запыт на экстрадыцыю 24-гадовага Яраслава Новікава. Новікаў таксама расказаў пра перасьлед у сваёй краіне, ён таксама цяпер у турме і чакае адказу на сваю заяву.

Праваахоўныя органы Беларусі вінавацяць Новікава таксама ва ўхіленьні ад вайсковай службы. Яны абвясьцілі яго ў вышук, і праваахоўныя органы Армэніі затрымалі мужчыну на армянска-грузінскай мяжы. У турме ён расказаў супрацоўнікам міграцыйнай службы, што браў удзел у пратэстах 2020 году, пасьля чаго пераехаў у Грузію. Ён сказаў, што тэрмін яго знаходжаньня ў Грузіі скончыўся, і таму ён вырашыў паехаць у Армэнію. Новікаў сказаў, што асьцерагаецца палітычнага перасьледу, калі вернецца на радзіму. Ён таксама папрасіў палітычнага прытулку ў Армэніі.

Між тым адвакаты сьцьвярджаюць, што суды могуць пакінуць маладых беларусаў на волі, бо тыя ўсё роўна ня могуць выяжджаць з Армэніі з прычыны забароны.

Як паведаміла прэсавая сакратарка міграцыйнай службы Армэніі Нэлі Даўт'ян, згодна з заканадаўствам рашэньне аб наданьні прытулку прымаецца на працягу трох месяцаў. Калі рашэньне будзе адмоўнае, шукальнік прытулку можа абскардзіць яго ў судзе.