Берасцейцы нясуць кветкі на месца, дзе быў смяротна паранены Генадзь Шутаў
Букеты, паасобныя кветкі і лампадкі былі сёння на парапеце каля дома па
вуліцы Маскоўскай насупраць адміністрацыі аднаіменнага раёна Брэста.
Ляжала некалькі цэтлікаў. На адным было напісана «Настоящие белорусы
живут вечно в наших сердцах».
Нагадаем, 44-гадовы бацька пецярых дзяцей Генадзь Шутаў, які памёр ранкам 19 жніўня, атрымаў кулявое раненне раненне ў звод чэрапа з размазджэннем мозгу познім вечарам 11 жніўня. У гэты дзень адбываліся маштабныя пратэстныя акцыі, аднак паводле сведчання месцічаў, тут было ціха. Версія, агучаная МУС: напад на міліцыянтаў у складзе групы з абрэзкам трубы ў руках, самаабарона, замест стрэлу ў плячо міліцыянт трапіў у галаву.
Ёсць і версія, што ніякай бойкі не было, а стралялі з даху будынка. Заўважу, што месца здарэння не ў цэнтры горада, дзе ў той дзень былі прымененыя спецсродкі, у выніку чаго назаўтра звярнуліся ў бальніцы больш за 100 чалавек з рознага роду раненнямі і траўмамі. Гэта закраек Брэста, леваруч жылы масіў “спальнага” раёна, насупраць два вялікія офісныя будынкі, пустыя ў гэты час, і такі сама пусты Палац культуры прафсаюзаў, далей увогуле лес, які адносна нядаўна назвалі паркам Воінаў-Інтэрнацыяналістаў.
У доме па вуліцы Луцкая, дзе жыў Генадзь Шутаў, адкрытыя дзверы пад’езда. Родзічы ў Менску ў чаканні, калі выдадуць цела. Паводле суседзяў, хаваць Генадзя Шутава будуць у Жабінцы, дзе ён быў прапісаны. Аднак калі, невядома..
Від дома, пры якім адбылося смяротнае здарэнне. Фота Яўгена Бяласіна.