Брэсцкія актывісты дэмсіл заклікалі жыхароў горада далучыцца да міжнароднай акцыі "Гадзіна Зямлі"
У Брэсце актывісты грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду!" і абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 21—22 сакавіка правялі інфармацыйную кампанію, прымеркаваную да міжнароднай акцыі "Гадзіна Зямлі", якая адбудзецца 23 сакавіка па ініцыятыве Сусветнага фонду дзікай прыроды.
Як паведаміла БелаПАН адна з яе ўдзельніц Святлана Алясюк, прыкладна 300 тэматычных улётак актывісты распаўсюдзілі ў цэнтры Брэста, яшчэ больш як 700 —
паклалі ў паштовыя скрыні жыхароў горада.
Паводле слоў Алясюк, ва ўлётках заклікалі брэстаўчан далучыцца да гэтай экалагічнай акцыі і 23 сакавіка ў 20.30 на адну гадзіну выключыць у сваім доме святло і тыя электрапрыборы,
без якіх можна часова абысціся.
"Гэта наш унёсак у сусветны заклік да барацьбы са змяненнем клімату. Мы разумеем, што гэта сімвалічная акцыя, але шырокі грамадскі рэзананс павінен стаць напамінам як простым грамадзянам, так
і арганізацыям, карпарацыям, урадам аб глабальнай праблеме. І кожны можа спрыяць яе рашэнню", — адзначыла Алясюк.
Ларыса Шыганава, БелаПАН