«Ці то крымінальная справа, ці то праверка». Што адбываецца з БЧБ-крамай Symbal.by

1 лютага павінны былі асудзіць чатырох супрацоўнікаў Symbal.by. З крамы вывезлі ўсю прадукцыю і дакументы аб дзейнасці, піша «Свабода».

da3298a1_7904_4268_aa95_02876b509c13_cx0_cy7_cw0_w1023_r1_s.jpg

Увечары стала вядома, што справы намесніка дырэктара крамы Мікіты Броўкі і бухгалтаркі Ксеніі Міклашэўскай суд адправіў назад у Савецкіі РУУС на дапрацоўку, а справы супрацоўніц Вольгі Ігнатовіч і Анастасіі Трафімчык суд не паспеў сёння разгледзець. Суды працягнуцца заўтра 2 лютага.

30 студзеня дырэктар ТАА «Сымбаль Бай» Павел Белавус паведаміў, што ў памяшканне на вуліцы Машэрава прыйшлі супрацоўнікі АБЭЗ. Яны адвезьлі ў Савецкі РУУС Мікіту Броўку і Ксенію Міклашэўскую, якія прыехалі на месца пасля пачатку ператрусу.

Бліжэй да вечара таго ж дня, апісаўшы ў краме за сем гадзін усю маёмасць і тавары, у пастарунак павезлі таксама супрацоўніц Вольгу Ігнатовіч і Анастасію Трафімчык. На ўсіх затрыманых склалі пратакол за дробнае хуліганства па артыкуле 17.1. Да панядзелка ўсе яны знаходзіліся ў ІЧУ на завулку Акрэсціна.

Сам Павел у суботу быў за горадам і даехаць да крамы не паспеў. Мяркуе, што калі б усё ж даехаў, то зараз таксама быў бы ў ізалятары.

«Інфармацыі дакладнай пра артыкулы абвінавачвання нашых супрацоўнікаў няма, — тлумачыць Белавус. — Мы маем яе ад валанцёраў, якія працуюць ля Акрэсціна. Гэта ўсё з іх словаў, пратаколу не бачыў ніхто».

У панядзелак 1 лютага ён трапіў у памяшканьне на праспэкце Машэрава. Фота адтуль апублікаваў у сваім фэйсбуку.

98176adb_2414_49ae_b190_7814ee1e5dd7_w650_r0_s.jpg

«30 студзеня мне патэлефанавалі дзяўчаты, якія там працавалі, — расказаў Белавус падрабязнасці суботніх падзей. — Офлайн нашая крама не працуе, таму мы яе памяшканне выкарыстоўваем як офіс онлайн-крамы, як склад таксама. І вось у раёне 12-й гадзіны пагрукаліся ў дзверы людзі, прадставіліся супрацоўнікамі АБЭЗ Савецкага раёну Мінску. Паказалі нейкую паперу. Мы не ведаем, ці гэта крымінальная справа, ці праверка па факце незаконнай камерцыйнай дзейнасці. Пачалі перапісваць маёмасць».

Па словах Паўла Белавуса, дзяўчаты патэлефанавалі кіраўніцтву, папрасілі прыехаць. Намеснік дырэктара Броўка і бухгалтарка Міклашэўская прыехалі першымі. Іх адразу пасадзілі ў аўтамабіль і звезьлі. Сам Белавус у выніку вырашыў не ехаць у краму. Ён кажа, што з ім пакуль ніхто так і не звязаўся. Таму нават невядома дакладна, што стала прычынай канфіскацыі тэхнікі і дакументаў. Крама спыніла працу.

Праблемы ў мінскай офлайн-крамы Symbal.by пачаліся яшчэ ў чэрвені. Тады ў кур’ера канфіскавалі наклад маек з надпісам «ПСІХО3%». Пасля ў краму зачасцілі праверкі з МНС, узнікалі праблемы з электрычнасцю. За перавоз цішотак суд аштрафаваў краму больш як на 2 тысячы рублёў.

Symbal.by абвясціў, што з 29 чэрвеня спыняе працу. 23 чэрвеня людзі сталі ў чаргу, каб купіць прадукцыю з сімволікай, пакуль крама не зачынілася. Неўзабаве пад’ехаў аўтазак з сілавікамі, пачаліся затрыманні. На некаторых склалі пратаколы паводле артыкулаў Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях: 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню службовай асобы) і 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

У онлайн-рэжыме Symbal.by працаваў да 30 студзеня.

Ад восені праблемы з уладамі, падатковай ці арандатарамі ўзніклі і ў шэрагу іншых крамаў з нацыянальнай сімволікай — «Мой родны кут» з Мінску, LSTR, «Князь Вітаўт» з Брэста, этнакрама «Цудоўня» з Гродна, «Цудоўная крама» з Воршы.