ЦНС: Беларусь выкарыстоўвае мігрантаў для разведкі на мяжы з Украінай
Нелегальных мігрантаў наўмысна накіроўваюць на беларуска-ўкраінскую мяжу, каб выявіць яе ўразлівыя ўчасткі, лічыць Цэнтр нацыянальнага супраціву пры Сілах спецыяльных аперацый Узброеных сіл Украіны.
Для гэтага ў РБ выкарыстоўваюць бежанцаў з Ірана і Пакістана. Гэтай выведкай з дапамогай бежанцаў займаюцца беларускія памежнікі.
«Такім чынам беларусы правяраюць уразлівыя і недастаткова абароненыя ўчасткі мяжы з Украінай, якія могуць выкарыстоўвацца для праходу варожых ДРГ», — сказана ў паведамленні, перадае Obozrevatel.
Такой жа тактыкай беларусы карыстаюцца і на мяжы з Латвіяй, лічаць у ЦНС.
«Аднак цяпер на паўночнай мяжы прымаюць меры забеспячэння абароны мяжы. Захоўваюць пільнасць і сябры беларускага падполля, якія дапамагаюць весці назіранне за перамяшчэннем варожых войскаў», — адзначаюць у ЦНС.
Нядаўна памежнікі Жытомірскага атрада затрымалі на дзяржаўнай мяжы групу нелегальных мігрантаў — выхадцаў з Паўднёва-Усходняй Азіі. «Падчас выканання задач вайскоўцы Дзяржаўнай памежнай службы заўважылі дарожку слядоў, якая вядзе з тэрыторыі Беларусі і адразу выявілі і спынілі шасцярых замежнікаў. Як высветлілася, яны грамадзяне Пакістана і Бангладэш. Затрыманыя мужчыны паведамілі, што па тэрыторыі Беларусі іх да мяжы з Украінай на аўтамабілі давезлі асобы ў вайсковай форме, яны мяркуюць, што гэта былі прадстаўнікі памежнай службы. Далей ім паказалі, у якім кірунку рухацца», — паведамілі ўкраінскія памежнікі.
Акрамя таго, знаходзячыся ў Беларусі, мігранты кантактавалі з прадстаўнікамі праваахоўных органаў, якія арганізоўвалі іх незаконны маршрут і загадалі ім пасля незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы патэлефанаваць і паведаміць пра сваё месцазнаходжанне.
«Гэта пацвярджаецца і перапіскамі ў месенджарах замежнікаў. Па словах падарожнікаў, да гэтага яны беспаспяхова спрабавалі трапіць у Польшчу таксама пры садзейнічанні беларускіх праваахоўнікаў», — паведамілі ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны.