Чарговы прысуд па справе «абражанага міліцыянта Комара» — мужчына атрымаў 1,5 года «хіміі»

24 траўня суд Ленінскага раёна Магілёва разглядзеў справу Дзмітрыя Макаркова, якога абвінавачвалі ў здзяйсненні злачынства па арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Пацярпелым па гэтай справе праходзіў ўчастковы Бабруйскага УУС Андрэй Комар, паведамляюць праваабаронцы.

leninski.jpg

Згодна з матэрыяламі справы, Дзмітрый 21 лістапада ў тэлеграм-канале STOP LUKA пад запісам з фотаздымкам Комара пакінуў «абразлівы каментар з негатыўнай адзнакай Комара А.М. з ужываннем нецэнзурнай лексікі».

Сваю віну абвінавачаны прызнаў часткова. Паводле яго слоў, каментар у адрас Комара ён пакінуў пасля таго, як пабачыў у інтэрнэце відэазапіс, на якім гэты ж самы участковы падчас адной з акцый пратэстаў у 2020-м годзе б'е жанчыну кулаком у твар.

У выніку, суддзя Аксана Ратнікава прысудзіла Макаркову 1,5 года «хіміі» і пастанавіла выплаціць пацярпеламу міліцыянту 3200 рублёў маральнай кампенсацыі.