Да 1,5 года калоніі: у Брэсце асудзілі дзявятую і дзясятую партыю па «справе карагодаў»

У судзе Брэсцкага раёна 15 лістапада па «справе карагодаў» вынеслі прысуды адразу 15 брэстаўчанам. Іх усіх прызналі вінаватымі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Брэст 13 верасня. Фота: МУС

Брэст 13 верасня. Фота: МУС


Нагадаем, 13 верасня мінулага года на Маршы герояў у Брэсце на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава пратэстоўцы вадзілі карагод, спявалі песні «Муры» і «Тры чарапахі», танчылі.
Пратэстоўцаў разагналі вадамётам, а потым узбудзілі крымінальную справу. Сёння 15 чалавек (дзявятую і дзясятую партыю) асудзілі на тэрміны ад года "хатняй хіміі" да 1,5 гады калоніі. Палітзняволеныя Ганна Баран і Уладзімір Ганчароў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, асуджаныя да паўтары гады калоніі. Справу разглядала суддзя Кацярына Рамашка, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівалі Аляксей Бараноўскі і Вадзім Багатка.
Гэта адна з самых масавых «палітычных справаў» у гісторыі Беларусі — прысуды вынесеныя ўжо 102 чалавекам.

Каму вынесены прысуды ў гэты раз?

15 лістапада былі асуджаныя па «справе карагодаў»:

  • Палітзняволеная Ганна Баран — 1,5 года калоніі агульнага рэжыму (з 14 кастрычніка пад вартай);
  • Аляксандр Вялічка, Вераніка Клімовіч, Вольга Гачынская, Святлана Якімовіч, Кацярына Ганчарова — 2 гады «хатняй хіміі»,
  • Палітзняволены Уладзімір Ганчароў — 1,5 года калоніі агульнага рэжыму (з 24 ліпеня пад вартай);
  • Сяргей Ярошкін, Павел Краўчук — 2,5 гады «хіміі»;
  • Валянціна Корсак — 2,5 гады «хатняй хіміі»;
  • Сяргей Лапко, Цімур Ломпік, Аляксей Якімовіч — 2 гады «хіміі»;
  • Аляксандр і Таццяна Паўлючыкі — 1 год «хатняй хіміі».


Як піша брэсцкая «Вясна», гэтым разам судзілі адразу чатыры сямейныя пары: Паўлючыкаў, Якімавічаў, Гачынскіх і Ганчаровых. Аднак Руслана Гачынскага, якога пачалі судзіць у гэтай жа групе, працягнуць судзіць потым: яго справа вынесена ў асобную вытворчасць па прычыне хваробы Руслана.

Як абвінавачванне гучыць у матэрыялах справы?

Паводле версіі абвінавачвання, кожны з абвінавачаных у групе з іншымі асобамі наўмысна ўзяў актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Іх дзеянні былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці, з-за прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін закрыліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчавання. Такая фармуліроўка гучыць ва ўсіх абвінавачваннях.

Як затрымалі палітвязняў па гэтай справе?

14 кастрычніка ў горадзе Пружаны Брэсцкай вобласці адбыўся шэраг вобшукаў ды затрыманняў. Большую частку людзей пасля выпусцілі з падпіскай аб неразгалошванні. Але не выйшла на волю 43-гадовая Ганна Баран. Ёй змянілі меру стрымання па «карагоднай» справе на ўтрыманне пад вартай і змясцілі ў СІЗА-7.
31-гадовы Уладзімір Ганчароў быў затрыманы 14 ліпеня трыма супрацоўнікамі ГУБАЗіКа разам з сям'ёй (жонкай і дзецьмі 5 і 8 гадоў). Падчас допыту аператыўнікі з УУС Маскоўскага раёна Брэста чатыры гадзіны дзяцей трымалі ў калідоры. Пасля ўсіх перавезлі ў Следчы камітэт і там таксама дапытвалі чатыры гадзіны. Затым сям'ю адпусцілі, а Уладзіміра перавялі ў ІЧУ Кобрына, а адтуль — у брэсцкі СІЗА.
spring96.org