Гары Паганяйла: Караеў нагаварыў на некалькі артыкулаў Крымінальнага кодэкса
Прадстаўнік Святланы Ціханоўскай па правах чалавека Гары Паганяйла пракаментаваў апублікаваны ByPol запіс меркаванай прамовы Караева, а таксама распавёў, як будуць адбывацца сумленныя суды ў новай Беларусі.
Словы Караева
— Караеў нагаварыў на многае: і на перавышэнне службовых
паўнамоцтваў, і на пагрозу забойстваў грамадзян, — цытуе Гары Паганяйла «Кабінет прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай». — Калі гэтыя забойствы ацэньваць
як пакаранні без суда, то яны будуць разглядацца з пазіцыі крымінальнага закона
і міжнароднай супольнасцю як злачынствы супраць чалавечнасці.
Калі следства прызначыць фонаскапічную экспертызу для
ўстанаўлення, каму належыць голас, і па выніках даследаванняў будзе
ўстаноўлена, што няма прыкмет мантажу, а голас належыць Караеву, то запіс можа
быць выкарыстаны як адзін з доказаў яго віны.
Пасля следчых дзеянняў доказы павінны легчы на стол суду.
Суд можа прызнаць, што менавіта гэты чалавек рыхтаваў сваіх «субратаў» да падобных забойстваў. І забойствы былі здзейсненыя. А па
самім запісе пасля ўстанаўлення яго даты можна сказаць, што шэраг злачынстваў
былі здзейсненыя супрацоўнікамі МУС пасля слоў Караева. У тым ліку і забойства Рамана Бандарэнкі. Калі будзе даказаная прычынна-следчая сувязь выказванняў,
тады можна будзе рабіць высновы, што злачынства адбылося з удзелам
супрацоўнікаў міліцыі і афіляванымі з імі грамадзянамі, якія таксама выконвалі
незаконныя загады міліцыі на збіццё людзей, хоць яны не былі на гэта
ўпаўнаважаныя на законных падставах.
Універсальная юрысдыкцыя і суды ў новай Беларусі
— Сутнасць універсальнай юрысдыкцыі ў тым, што дзяржавы, якія заключыді адпаведныя дамовы і пагадненні, узялі на сябе абавязацельствы і
ўвялі ў нацыянальныя законы такога роду, дэлікты, якія дазваляюць на нацыянальным
узроўні прыцягваць да адказнасці вінаватых. Незалежна ад таго, дзе былі
здзейсненыя злачынствы. Пры наяўнасці даных і заяў пацярпелых або іх сваякоў
могуць быць распачатыя крымінальныя справы, а службы Інтэрпола возьмуцца за
пошукі падазраваных па ўсім свеце — знойдуць іх, і яны паўстануць перад судом, — кажа Гары Паганяйла.
— Універсальная крымінальная юрысдыкцыя працуе па прынцыпе «або выдайце вінаватую асобу ў нашу краіну для ажыццяўлення правасуддзя,
або судзіце яе самі». У мінулым па універсальнай юрысдыкцыі прайшлі
справы ў дачыненні да чылійскіх афіцэраў часоў Аўгуста Піначэта, якія
ажыццяўлялі катаванні, забойствы, выкраданні людзей і іншыя злачынствы супраць
чалавечнасці. Яны былі прыцягнутыя да адказнасці ў Бельгіі, Іспаніі, у іншых
краінах, у адпаведнасці з нацыянальнымі законамі паводле працэдуры універсальнай
крымінальнай юрысдыкцыі.
Нядаўна стала вядома пра прысуды сірыйцам, якія на тэрыторыі Сірыі ў дачыненні да сваіх і замежных грамадзян здзяйснялі тыя ж самыя злачынствы. Здавалася б, Сірыя такая далёкая краіна ад Еўропы, падзеі адбываліся 6-7 гадоў таму, але сёння ўжо ёсць справы, разгледжаныя ў Германіі. У дачыненні да многіх вынесеныя абвінаваўчыя прысуды і прызначаныя працяглыя тэрміны пазбаўлення волі. Але ёсць і апраўдальны прысуд. Важна, што справядлівае правасуддзе адбылося.
Беларускі народ павінен ведаць, што інструменты для барацьбы
з беспакаранасцю сілавікоў, якія ўчынілі злачынствы, ёсць. Мы дачакаемся таго
часу, калі пачнуцца суды і ў нас у Беларусі. Мы будзем гарантаваць, што кожны,
хто паўстане перад судом, адкажа за тое, што ён здзейсніў, і абараняць іх
будуць прафесійныя адвакаты. Яны могуць разлічваць на сумленнае правасуддзе — і
яно абавязкова будзе.