«Гэта не бандыты. Гэта народ супраць сваёй улады» — былы прэм'ер-міністр Казахстана

Што адбываецца ў Казахстане? Улада настолькі адарвалася ад людзей, заелася, настолькі была пыхлівая, што сёння яна плаціць за гэта. Пратэст павольна і прадказальна эвалюцыянуе ў рэвалюцыю. «Гэта не бандыты. І ўжо тым больш не NАТO — не Еўрасаюз і не Вашынгтон. Гэта народ супраць сваёй улады», — распавёў былы прэм'ер-міністр Казахстана, а цяпер апазіцыянер у выгнанні Акежан Кажэгельдзін выданню "Медиазона. Центральная Азия".

Акежан Кажэгельдзін, выхадзец з Сяміпалацінскай вобласці, займаў дзяржаўныя пасады з 1991 года. У 1994 годзе ён узначаліў урад Казахстана, але ўжо ў 1997 годзе сышоў у адстаўку, а праз год абвясціў, што гатовы ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта — і кінуў выклік Нурсултану Назарбаеву.

— Што адбываецца цяпер у Казахстане і як называць тых, хто ў гэтым удзельнічае — рэвалюцыянеры, мяцежнікі, паўстанцы?

— Гэта выступ грамадзянскай супольнасці супраць дзеючай улады. Людзі, якія стаяць сёння на плошчах — гэта прадстаўнікі НДА, прафсаюзаў або іншых аб'яднанняў. Няма аніводнай палітычнай партыі, таму што апазіцыйныя палітычныя партыі не зарэгістраваныя, а кіруючай, зразумелая справа, там быць не можа.

— Што за людзі выступілі супраць улады і з якой мэтай? Ці з'яўляецца пратэст стыхійным, ці ёсць у праціўнікаў улады свая праграма, арганізацыя, лідары?

— У кожным горадзе, у кожным абласным цэнтры ёсць лідары, як прафсаюзныя, так і іншых невялікіх груп — лакальныя, мясцовыя, сапраўдныя. Доўгі час такіх лідараў называлі нефармальнымі. Гэта рэальныя людзі, якіх улада не хацела бачыць і ведаць, а прызначала сваіх людзей — як правіла, прыезджых, каб мець «свае рукі».

Што да праграмы, тут усё проста. Людзі ў прынцыпе хочуць змяніць гэтую ўладу і ўжо дамагліся таго, што ўрад сышоў у адстаўку, улада зрабіла крок назад і перагледзела цэны на газ, але гэта было ўсяго толькі падставай, асноўныя прычыны больш глыбокія.

Справа ў тым, што народ бяднее. Вельмі паказальна, што першымі выйшлі на вуліцы арганізаваныя людзі — рабочыя нафтавых кампаній. Уявіце, калі людзі з такой заработнай платай выходзяць на плошчы, значыць, ім не хапае на жыццё, і можна ўявіць, як жывецца астатнім.

У той жа час за адзін толькі дзень 5 студзеня са сталіцы паляцела 27 прыватных рэйсаў. Яхты на Міжземным моры, дарагія дамы ў сталіцах усіх вядучых еўрапейскіх дзяржаў — усё вось гэта было напаказ. Улада настолькі заелася, настолькі была пыхлівая, што сёння яна плаціць па рахунках. Гэта пратэст, які павольна і прадказальна эвалюцыянуе ў рэвалюцыю. Гэта не бандыты. І ўжо тым больш не НАТА — не Еўрасаюз і не Вашынгтон. Гэта народ супраць сваёй улады.

— У чым розніца паміж пратэстамі ў Казахстане і Беларусі? Ці можна параўнаць тое, што адбываецца цяпер у Казахстане, з падзеямі ў Андыжане ў 2005 годзе ці рэвалюцыямі ў Кыргызстане?

— Мірныя пратэсты ў Беларусі — гэта дзіва, я захапляўся беларускім народам, як ён цярпліва гэта выносіў. Але той пратэст паслужыў урокам. Калі на вуліцу выходзіць вялікая колькасць людзей, то, магчыма, трэба дзейнічаць трохі мацней. І такія ж машыны з такімі ж кратамі стаяць зараз на вуліцах Алматы і гараць.

Ёсць простая матэматыка пратэсту. На аднаго паліцэйскага — пяць чалавек пратэстоўцаў, і пытанне вырашаецца не на карысць улады. Таму ў многіх гарадах у Заходнім Казахстане мясцовая паліцыя перайшла на бок пратэстоўцаў. Толькі ўявіце: гэтыя людзі штораніцы водзяць сваіх дзяцей у адну і тую ж школу, у адзін і той жа дзіцячы садок. У Казахстане паміж гарадамі сотні кіламетраў, ды і гарады такія, што кожны, калі не па імені, дык у твар адно аднаго ведае. Гэта не той выпадак, калі можна ў адзін горад прывезці з іншага расгвардзейцаў і яны будуць неміласэрна мясцовых біць. У Казахстане гэта не праходзіць.

Я не буду прадказваць — быць можа ўсялякае. Але думаю, што да грамадзянскай вайны справа не дойдзе. Ёсць санкцыі, ёсць рычагі, свет змяніўся. Людзям нельга здавацца, сыходзіць з плошчаў не трэба, трэба дамагацца ад Такаева дыялогу і палітычных рэформ. Чым бы яны для яго ні скончыліся, ён можа ўвайсці ў гісторыю краіны як чалавек, які пасля 30 гадоў змроку і нястрымнай карупцыі прыступіў да палітычных рэформ.

— Рэйтынг кіруючай партыі на апошніх выбарах склаў каля 70%. Ён настолькі ж рэальны, як і рэйтынг Лукашэнкі ў Беларусі і Пуціна ў Расіі? Хто з'яўляецца галоўнай апорай улады?

— Гэта абсалютна намаляваныя рэйтынгі. Магу сказаць таксама, што напярэдадні свайго звяржэння ў Садама Хусэйна быў рэйтынг вышэйшы за 100%. Для такіх форм кіравання гэта тыпова. Першым учора ў Алматы падпалілі офіс кіруючай партыі. Яе і партыяй не назавеш ж — так, муляж. У нас ёсць незарэгістраваныя партыі, але я думаю, што нам неабходна вярнуцца да Канстытуцыі 1993 года, грунтуючыся на ёй, стабілізаваць сітуацыю, а потым можна і новую Канстытуцыю прыняць.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: