HR кампаніі «Godel» асудзілі на 15 сутак за падпіску на «экстрэмісцкі» тэлеграм-канал
Супрацоўніцу HR-дэпартамента «Godel Technologies» Вольгу Казадой затрымалі раніцай 4 лістапада супрацоўнікі САХРа і ГУБАЗіКа. У яе правялі два ператрусы: па месцы жыхарства і месцы рэгістрацыі. Пасля гэтага яе даставілі ў ГУБАЗіК, потым — РУУС, на ноч да суда — у ІЧУ на Акрэсціна, піша «Вясна».
Учора яе справу разглядалі ў судзе Фрунзенскага раёна. На Вольгу склалі пратакол паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Згодна з ім, яна «захоўвала ў асабістым акаўнце матэрыялы тэлеграм-канала "Баста", які прызнаны экстрэмісцкім». На судзе жанчына прызнала віну часткова, бо яна «чытае тэлеграм-каналы, але не распаўсюджвае іх».
На судзе дапыталі
сведку-міліцыянта з Фрунзенскага РУУС. Ён распавёў, што Вольга была дастаўленая
ў РУУС, «бо былі падазрэнні, што яна ўдзельнічала ў несанкцыянаваных масавых
мерапрыемствах». Паводле яго словаў, у РУУС супрацоўнікі агледзелі яе тэлефон і
ўбачылі, што яна была падпісаная больш чым на дзесяць тэлеграм-каналаў, якія
прызнаны экстрэмісцкімі. Пасля гэтага на яе склалі пратакол паводле ч. 2 арт.
19.11 КаАП.
Аднак Вольга
звярнула ўвагу, што тэлефон у яе забралі яшчэ ў ГУБАЗіКу, таму супрацоўнікі
РУУС не маглі агледзець яго. Тэлефона не было і ў вопісе арышту, таму сведка
ніяк не мог азнаёміцца з тэлефонам, бо ён быў выняты раней.
Жанчына
распавяла, што ў ГУБАЗіКу з ёй хацелі зняць «пакаяльнае відэа», але яна
адмовілася.
Суддзя Фрунзенскага раёна Юлія Блізнюк арыштавала Вольгу Казадой на 15 сутак.