Хронікі рэпрэсій. Аксану Зарэцкую шпіталізавалі з СІЗА, новыя палітвязні

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 24 сакавіка.

hroniki_represij_2_logo.jpg

Адвакатку Інэсу Аленскую пазбавілі ліцэнзіі і судзілі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

У судзе Ленінскага раёна Мінска 24 сакавіка разглядалася адміністрацыйная справа адвакаткі Інэсы Аленскай. Яе абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле ч.1 арт 19.11 КаАП. Справу разглядала суддзя Юлія Шут. Вынікі суда пакуль невядомыя.
Аднак дзень таму праўладныя тэлеканалы размясцілі відэжасюжэт, у якім паведамілі, што «раней яна размяшчала ў чаціках БЧБ-сцягі, песні і нават свой туалет, а яшчэ яна вельмі цікава адклікаецца пра чыноўнікаў і дзяржслужачых».
Па выніках атэстацыі кваліфікацыйная камісія Мінюсту 22 сакавіка вырашыла, што адвакаты Інэса Аленская і Дзяніс Шарстнёў не могуць выконваць абавязкі абаронцаў «з прычыны недастатковай кваліфікацыі». Акрамя таго, такое рашэнне прынятае ў дачыненні да адваката Кавалевіча.
Інэса Аленская абараняла ў судах Сяргея Ціханоўскага, Рамана Пратасевіча, Насту Лойка, Рыгора Кастусёва.

Затрыманні адбыліся і ў Брэсце — было затрымана як мінімум 6 чалавек

Па інфармацыі праваабаронцаў, 17 сакавіка ў Брэсце адбываліся затрыманні. Да людзей, якія раней былі недзе заўважанымі, сілавікі прыходзілі дамоў, правяралі тэлефоны і перапіскі. Пасля гэтага людзей арыштоўвалі.
У панядзелак 20 сакавіка адбываліся суды па ч.2 арт.19.11 КаАП (Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Вядомы прозвішчы 6 чалавек, каго судзілі такім чынам.

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкай» чарговую кнігу

Гаворка ідзе пра кнігу «Адысея капiтана БНР» Анатоля Гатоўчыца. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Добрушскага раёну 16 сакавіка.

У Гомелі затрыманы былы іераманах Аляксандр Тарасенка

Учора ў Гомелі былі брутальна затрыманыя некалькі чалавек. На «пакаяльным» відэа Хрысціянская візія апазнала вядомага праваслаўным гамяльчанам Аляксандра Тарасенку, былога іераманаха Гомельскага Свята-Мікольскага манастыра.
На відэа Тарасенка «прызнаецца», што нібыта размясціў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку «абразлівы пост на адрас прэзідэнта».

Палітзняволенай Яне Пінчук прад'явілі абвінавачанні, не прадугледжаныя пастановай аб выдачы

Пракуратура зацвердзіла абвінавачанне ў дачыненні да Яны ў канчатковай рэдакцыі і накіравала справу на разгляд у Мінскі гарадскі суд. Разгляд прызначаны на 10 красавіка.

У канчатковай рэдакцыі абвінаваўчага заключэння ў абвінавачанні ў дачыненні да Яны былі пашыраныя — дзяўчыне ставяцца ў віну абвінавачанні па ч. 1 арт. 290-4 і ч. 3 арт. 293 КК РБ, якія не згадваліся ў матэрыялах крымінальнай справы да выдачы і, як вынік, не разглядаліся падчас экстрадыцыйнай праверкі ў РФ.

Такім чынам, Беларусь парушыла свае ўласныя пісьмовыя гарантыі аб тым, што Яна не будзе прыцягнутая да крымінальнай адказнасці за ўчыненае ёю да выдачы злачынства, за якое яна не была выдадзена, і тым самым парушае патрабаванні Канвенцыі аб прававой дапамозе.

У Беларусі +12 новых палітвязняў

Гэта Максім Сташулёнак, Ірына Савашынская, Канстанцін Зарэмба, Альберт Гарбуз, Максім Сеннік, Вольга Гладкая, Уладзіслаў Шукан, Дзмітрый Юртаеў, Мікіта Нядзелька, Наталля Сялях, Максім Палітаў, Аляксандр Несцярэнка.

Палітзняволеную Аксану Зарэцкую шпіталізавалі з «Валадаркі». У якім яна стане зараз — невядома

Праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што яшчэ 16 сакавіка з СІЗА-1 была шпіталізаваная сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады Аксана Зарэцкая. Прычыны шпіталізацыі невядомы. Таксама праваабаронцы не маюць інфармацыю, дзе зараз Аксана і ў якім яна стане.

Зарэцкая — сябра асноўнага складу Каардынацыйнай Рады, трэнерка па этыкеце і бізнэс-камунікацыях, культуралагіня, магістарка педагогікі. 14 сакавіка ёй прысудзілі 1,5 года калоніі па «народным» арт. 342 КК.