Хронікі рэпрэсій за 1 сакавіка
Сабралі галоўнае з хронік палітычнага пераследу за сённяшні дзень.
У Гомелі ўчора адбыліся масавыя затрыманні падлеткаў. Разглядаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы, звязанай з моладзевай субкультурай «ПВК Родан». «Падлеткі да 16-ці гадоў атрымаюць папярэджанні з пастаноўкай на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх. Тым, хто старэйшы за 16 гадоў, дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасць», — піша ТГ-канал МУС.
1 сакавіка ў Мінскім абласным судзе пачаўся суд над кандыдатам у прэзідэнты Валерыем Цапкалам. Справу супраць яго вядзе Сяргей Епіхаў. Цапкалу інкрымінуецца больш за 10 артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь» і «Прапаганда вайны».
Таксама сёння ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска пачаўся працэс па справе аб падрыве міліцэйскай машыны. Інцыдэнт адбыўся ў ноч з 7 на 8 студзеня 2022 года каля будынка Цэнтральнага РУУС Мінска. СК затрымаў 45-гадовага мінчука, які нібыта меў дачыненне да падрыву аўтамабіля, а таксама да пашкоджання «Табакеркі» і смеццевага бака на Старавіленскім тракце. Абвінавачаныя — Максім Селязнёў і Дзмітрый Марцінкевіч, суддзя — Дзмітрый Карсюк.
Стала вядома дата пачатку суда над удзельніцай асноўнага складу Каардынацыйнай рады, трэнеркай па этыкеце і бізнес-камунікацыях, культуролагам Аксанай Зарэцкай — 10 сакавіка, суд Маскоўскага раёна Мінска. Суддзя — Кацярына Мурашка. Таксама разам з Зарэцкай будуць судзіць палітзняволенага заснавальніка кампаніі «Astronim» і фестывалю маркетынгу і рэкламы «Белы Квадрат» Багдана Караўца.
У Гомелі затрымалі мужчыну за заклікі ўступаць у полк Каліноўскага. Яго абвінавачваюць па арт. 361-4 («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). На «пакаяльным» відэа мужчына кажа, што пакідаў каментары ў «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналах з заклікамі да беларусаў далучацца да палка Каліноўскага і ваяваць на баку Украіны. Сілавікі сцвярджаюць, што ён нібыта перадаваў інфармацыю пра перамяшчэнне вайсковай тэхнікі ў Беларусі.
Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1461 палітвязень. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітычнымі зняволенымі 1725 чалавек, у тым ліку 192 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.