Хваля затрыманняў у Гомелі: учора забралі амаль 30 чалавек. Студэнтку ГДУ ўжо асудзілі

Суд на студэнткай працягваўся 3 хвіліны, адзначае «Вясна».

c991552d_c19c_43f6_8183_f1b75a6fee01_w1023_r1_s.jpg

У Гомелі 25 кастрычніка прайшла хваля затрыманняў, пад якую трапілі амаль 30 чалавек. Вядома, што на затрыманых склалі пратаколы па арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць») — нібыта за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.

Праваабаронцам стала вядома, што судзіць затрыманых пачалі яшчэ ўчора. Праз чатыры гадзіны пасля затрымання ў судзе Навабеліцкага раёна Гомеля прайшоў суд над 22-гадовай студэнткай ГДУ Янінай Змітровіч. Дзяўчына — дачка светлагорскіх актывістаў Вячаслава і Зоі Змітровічаў. Каля 11:30 25 кастрычніка Яніну затрымалі каля школы, дзе яна працуе. Яніну ў машыне каля ўвахода чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПа. Яны падышлі да яе і прапанавалі праехаць з імі, как даць паказанні ў якасці сведкі. Але дзяўчына папрасіла даслаць ёй позву. Пасля гэтага дзяўчыну схапілі і заштурхалі ў машыну, адабралі тэлефон і запатрабавалі пароль. Пад пагрозамі гвалту Яніна была вымушана яго даць. У выніку Змітровіч адвезлі ў апорны пункт Навабеліцкага раёна.

️У 14:07 бацькам прыйшло паведамленне з невядомага нумару: «Мяне затрымалі, суд праз гадзіну ў судзе навабеліцкага раёна». Толькі ў судзе бацькам ўдалося пабачыць дачку. Там яны даведаліся, што затрымалі яе за падпіску на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы. На судовае пасяджэнне бацькоў не пусцілі. Суддзя Аляксандр Зінчук, паводле слощ бацькоў, разгледзеў справу Яніны за тры хвіліны. Зінчук прызнаў студэнтку вінаватай і арыштаваў яе на 15 сутак. Пасля суду Яніну адвялі ў апорны пункт, а праз дзве гадзіны адвезлі ў АУС Навабеліцкага раёна. Свой арышт дзяўчына будзе адбываць ў гомельскім ІЧУ.