Кобрынь: Марш адзінства і суды
У Кобрыні на Берасцейшчыне 6 верасня каля 600 чалавек выйшлі на агульнацыянальны Марш адзінства.
Кабрыньчане прайшлі пад бел-чырвона-белымі сцягамі па ходніках вуліцаў, што атачаюць цэнтр гораду, неслі транспаранты «Досыць!», «Сыходзь годна!», «Адзін за ўсіх, усе за аднаго!», скандавалі «Кобрынь, выходзь!», «Гэта наш горад!», «Лукашэнка, сыходзь!», «Лукашэнку ў аўтазак!», «Пераменаў!», «Свабоду палітвязням!», «Ганьба!», «Рукі прэч ад нашых дзяцей!», «Не забудзем, не даруем!», «Верым, можам, пераможам», «Сумленне на вуліцах гораду» і «Жыве Беларусь!»
Месцічы цёпла віталі калону падчас маршу, а часам і далучаліся да яе. Нягледзячы на асобныя правакацыі з боку невядомых, пратэстуючыя паводзілі сябе выключна мірна і годна. Дарэчы, упершыню на Маршах пратэсту ў Кобрыні рытм яго ўдзельнікам адбіваў барабаншчык…
З раніцы 7 верасня распачаліся суды над удзельнікамі акцый супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў 10-12 жніўня падчас жорсткіх затрыманняў грамадзян і іх закратавання.
У якасці сведкі ў судовых працэсах па разгляду справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях выступаў намеснік начальніка аддзелу Кобрыньскага РАУС, маёр міліцыі Міхась Вайтовіч.
Суддзя Аляксандр Бабаскін аштрафаваў беспрацоўнага Віталя Прыймачука, прадпрымальніка Віктара Гарбачэўскага і брыгадзіра дрэваапрацоўшчыкаў Сяргея Алімпіева адпаведна на 15, 10 і 30 базавых велічынь.
Участковы лекар-педыятр Юлія Рафаловіч, сын якой быў збіты і затрыманы сілавікамі падчас разгону акцыі 10 жніўня, не з’явілася на судовае паседжанне.
У інтэрв'ю НЧ Віталь Прыймачук распавёў, што падчас разгону сілавікамі акцыі пратэсту на цэнтральнай плошчы места, што адбылася вечарам 10 жніўня, атрымаў апёк левай нагі ад разрыву святлашумавой гранаты. У сувязі з чым 31 жніўня звярнуўся ў адпаведныя структуры Генеральнай пракуратуры і Следчага камітэту па Кобрыню і Кобрыньскаму раёну. “За што на выхадзе быў затрыманы міліцыянтамі, дастаўлены ў РАУС, дзе на мяне склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні”, — патлумачыў спадар Віталь.
Падтрымаць сваіх землякоў у судзе прыйшлі каля 20 кабрыньчанаў, якія назвалі судовыя выракі прававым бязмежжам.