Лава любові ў Садзе надзеі імя Генадзя Грушавога (фота)

28 студзеня ў Мінскім праваслаўным прыходзе ў гонар абраза Маці Божай “Усіх Тужлівых Радасць” адбылося ўшанаванне памяці вялікага беларуса Генадзя Грушавога, які год таму назад адышоў у лепшы свет.



26 красавіка 1996 года ў дзясятую гадавіну Чарнобыля жанчыны-хрысціянкі з 17 краінаў свету і з беларускага дабрачыннага фонду “Дзецям Чарнобыля” высадзілі на тэрыторыі прыходу 68 саджанцаў пладовых дрэваў — сімвал невычэрпнай прыроднай сілы, якая дае пачатак і квецень жыцця. У Садзе надзеі, які ўшанаваў памяць азвяраў Чарнобыля,  чалавечае жыццё і ягоны плён, саджанец грушы разам з настаяцелям праваслаўнага прыходу айцом Ігарам (Карасцялёвым) укапаў і Генадзь Грушавы. “Як гэта сімвалічна! На зямлі веры будзе расці Сад надзеі!”, — сказаў у той дзень Генадзь Грушавы.

Пасля яго смерці Сад надзеі атрымаў імя свайго заснавальніка, а каля высаджанай ім грушы тры раз на год (28 студзеня — у дзень ягонай смерці, 26 красавіка — у дзень Чарнобыльскай катастрофы і 24 ліпеня — у дзень народзінаў Генадзя Грушавога) збіраюцца ягоныя сваякі, беларускія і замежныя калегі і сябры.

Сярод тых, хто на гэты раз сабраўся ў Садзе надзеі імя Генадзя Грушавога, былі беларускія палітыкі, праваабаронцы, журналісты, жонка і паплечніца Ірына Грушавая з сынам Максімам, айцец Ігар (Карасцялёў), актывісты фонду “Дзецям Чарнобыля” з Мінска і рэгіёнаў Беларусі, госці з Германіі, айчынныя дзеячы культуры, навукі і мастацтва.

Яны адзначалі вялікі ўнёсак, зроблены лідарам свайго пакалення Генадзем Грушавым ў справу выратавання дзяцей Чарнобыля ад радыяцыі, у стварэнне беларускай грамадзянскай супольнасці і міжнароднага гуманітарнага руху дзеля зменаў жыцця да лепшага.

Дарэчы, у кастрычніку мінулага году ў Садзе надзеі імя Генадзя Грушавога з’явілася лава з каванага металу і дрэва, створаная сталічнымі майстрамі па замове Ірыны Грушавой. Каб кожны, хто завітае у гэты сад, змог пасядзець пад грушай, высаджанай нашым вялікім сучаснікам, пагаварыць з ім, разам памаўчаць і нешта прыгадаць. Адным словам — прызнацца ў любові да гэтага натхнёнага летуценніка, апантанага ідэяй несці дабро людзям і навучаць іх у тым, што кожны з нас сам стварае свой лёс, а ўсе разам мы здольныя змяніць лёс сваёй краіны...