Літоўскія журналісты выкрылі махляроў, якія зараблялі на беларусах, што ўцяклі ад рэжыму Лукашэнкі

Літоўскае выданне LRT правяло расследаванне дзейнасці публічнай установы «Дапамога». Як сцвярджае выданне, гэты бізнес, што збірае ахвяраванні ў літоўцаў, здабываў прыбытак з размяшчэння бежанцаў з Беларусі. 

Наталля Калегава / J. Stacevičiaus / LRT nuotr.

Наталля Калегава / J. Stacevičiaus / LRT nuotr.

Журналісты LRT прыйшлі да высновы, што для атрымання грошай з фондаў падтрымкі беларусаў заключаліся фіктыўныя дагаворы арэнды, падробленыя літоўскія медыцынскія даведкі і подпісы кіраўнікоў кампаній. Пад прыкрыццём гуманітарнага калідора ў Літву прыцягваліся эканамічныя мігранты.
Вось некаторыя звесткі, пра якія распавядаюць журналісты.
Арганізацыя «Дапамога» была створана ў Літве пасля пратэстаў у Беларусі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Яе заснавальнікі сцвярджаюць, што дапамагаюць беларусам, якія бягуць ад рэжыму, прыехаць у Літву і там уладкавацца.
Кіраўніца арганізацыі Наталля Калегава, беларуская прадпрымальніца, якая жыве ў Літве, збірала ў літоўцаў дапамогу.
Названая арганізацыя імкнулася зарабіць і на беларусах, якія прыехалі ў Літву. Калегава нібыта здавала беларусам кватэры па кошце вышэйшым за рынкавы, хоць прадпрымальніца публічна заяўляла, што дапамагае бясплатна.
З мэтай атрымання грошай з фондаў міжнароднай падтрымкі дагаворы арэнды маглі быць сфальсіфікаваныя з дапамогай Калегавай. У іх фальсіфікаваліся і подпісы кіраўнікоў кампаній.
Калегава і кампанія Natalex, якая належыць ёй і яе мужу, маглі падрабляць літоўскія медыцынскія даведкі.
Паводле дамоваў арэнды, пяць бежанцаў павінны былі размясціцца адначасова ў памяшканнях плошчай у некалькі дзясяткаў квадратных метраў, якія фармальна з'яўляюцца офісам кампаніі.