«Людзей у ізалятары моцна біў АМАП, яны страшна крычалі». Што адбывалася на Акрэсціна з удзельнікамі антываенных акцый
Больш за 800 чалавек затрымалі за ўдзел у антываенных акцыях у Беларусі толькі 27 лютага.
Больш за 800 чалавек затрымалі за ўдзел у антываенных акцыях у Беларусі 27 лютага.
Пакаранне для большасці было «стандартнае» — 15 сутак. Жыхар Мінска трапіў на Акрэсціна яшчэ да рэферэндуму. Ён расказаў «Свабодзе», што адбывалася ў ізалятары.
«Мяне схапілі яшчэ 17 лютага. КДБ правёў ператрус, забралі тэхніку, дапыталі. За рэпост "экстрэмізму" я атрымаў 13 сутак. Думаю, што гэта было прэвентыўнае затрыманне перад так званым рэферэндумам, бо я ўжо трапляў пад затрыманні ў 2020 годзе. Разам са мной у камеры сядзелі праграмісты — за нібыта "дробнае хуліганства". Людзей масава затрымлівалі па такой схеме: выклікалі на прафілактычную гутарку да ўчастковага, складалі пратакол за "дробнае хуліганства" і адпраўлялі на "суткі"», — распавёў Антон (імя змененае ў мэтах бяспекі. — Заўв. рэд.).
Паводле яго, у камеры, разлічанай на чатырох чалавек, сядзелі ад 10 да 16 затрыманых. Матрацаў, бялізны не было, ноччу падымалі на «пераклічкі».
«27 лютага мы пачулі шум. Прыехалі аўтазакі. Канвой у ізалятары "самаліквідаваўся". Усім пачаў запраўляць АМАП. Людзей заводзілі ў калідор і моцна білі. Мы чулі страшныя крыкі адтуль. Білі, напрыклад, за тое, што "няправільна" стаялі ў стойцы. У камеры на 4 чалавекі іх было па дваццаць чалавек. Да нас іх не кінулі. У нас толькі быў адзін моцна збіты чалавек — усе ногі і ягадзіцы сінія былі пасля візіту ГУБАЗіКа. Ён адмовіўся запісвацца ў "палонным" відэа», — дадаў жыхар Мінска.