Мадэратары «ВКонтакте» назвалі «Пагоню» нацысцкай сімволікай
Расійская сацыяльная сетка ўбачыла ў беларускім нацыянальным гербе сімвалы нацызму і экстрэмізму.
Папулярная сацыяльная сетка Вконтакте заблакавала дадатак, распрацаваны беларускім патрыётам Канстанцінам Новікавым адмыслова да Дня Волі. Мэтай дадзенай
інтэрнэт-праграмы стаяла «сабраць» Вконтакте не менш 10.000 беларусаў для святкавання Дня Волі 25 сакавіка, а таксама аператыўна інфармаваць патэнцыйных удзельнікаў аб усіх падзеях,
звязаных са святочнай датай па ўсёй краіне.
Пасля распрацоўкі праграмы, яна была адпраўлена на мадэрацыю адміністрацыі сацыяльнай сеткі, для таго, каб уключыць яе ў агульны каталог дадаткаў. Аднак распрацоўшчык атрымаў нечаканы адказ:
«Вам адмоўлена ў размяшчэнні Дадатку ў сувязі з парушэннем заканадаўства КаАП РФ арт. 20.3. (Прапаганда і публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі або сімволікі альбо публічнае
дэманстраванне атрыбутыкі або сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый)».
У чым экстрэмізм (альбо нацызм?) мадэратары адказваць не сталі, спаслаўшыся на свае ж правілы, паведамляе spring96.org
Урэшце сам Дадатак быў запушчаны, але, як можна ўбачыць, без «Пагоні».