Міхаіл Жамчужны пацвердзіў, што яго збілі ў турме
Пра турэмны гвалт, а таксама пра праблему з ліставаннем палітвязень напісаў у лісце да грамадскай актывісткі Ганны Шапуцькі.
«Лісты
традыцыйна затрымліваюць ці знішчаюць. Я напісаў скаргу ва Упраўленне выканання
пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці. Вось што мне адказалі на мове
арыгінала за подпісам начальніка: «Проверкой установлено, что осужденный Жемчужный
М.И. в ИК-14 отправил и получил 170 писем (вх.-65, исх .105). С момента
постановки на профучет с 17.06.2016 по настоящее время им было получено 7 и
отправлено 26 писем». Па гэтай статыстыцы знішчаецца
пры перасылцы амаль тры чвэрці лістоў», — паведамляе Міхаіл Жамчужны.
Таксама ён піша, што ён дасылаў тры лісты нобелеўскай лаўрэатцы Святлане
Алексіевіч з падзякай за высланыя ёю падарункі-кнігі, аднак ніводзін ліст да
адрасата не дайшоў.
Акрамя лістоў, па нейкіх прычынах за межы турмы не
выходзяць скаргі Міхаіла Жамчужнага — у прыватнасці, скарга наконт збіцця
турэмнымі супрацоўнікамі, якую вязень спрабаваў выслаць у Генпракуратуру. «Я гэтыя дакументы збіраў, каб перадаць Алёне
Красоўскай-Каспяровіч, але ж яна не сустрэлася са мной пры маніторынгу ІК-14.
Таму адаслаў на волю, каб было,што прад’явіць ў будучыні», — удакладняе
Жамчужны.
У іншым лісце палітвязень апісаў некаторыя
падрабязнасці свайго збіцця, пра якое стала вядома месяц таму з ліста яго
паплечніка Андрэя Бандарэнкі, які
таксама цяпер знаходзіцца ў турме. Паводле Міхаіла Жамчужнага, намеснік
старшыні СІЧУ-2 па аператыўнай працы Лаўэр
А.Н. ударыў яго кулаком у твар, ад чаго ў вязня застаўся пажыццёвы дэфект
на твары, а таксама ён адчувае сталы звон у вушах і дрэнна бачыць правым вокам.
«Інцыдэнт
суправаджаўся абразамі і нецэнзурнай лаянкай з боку падпалкоўніка ўнутранай
службы і адбыўся 2015/08/06 ў 17/10 ў кабінеце СІЧУ-2 у прысутнасці
аператыўнага работніка паста №17 Пракапчук А.П.
Падставай для інцыдэнту паслужылі мае палітычныя погляды і, нібыта, аплата за
іх мне і маёй сям'і з боку замежных спецслужбаў», — паведамляе Жамчужны.
Паводле інфармацыі Міхаіла Жамчужнага, запіс пра
атрыманую ЧМТ ёсць у асабістай картцы, аднак выпіску з санчасткі адвакату далі
без указання пра траўму. Жамчужны піша, што пры вобшуку частка дакументаў была
сканфіскаваная і знішчаная. Па вызваленні з турмы палітвязень збіраецца
прыцягнуць падпалкоўніка Лаўэра да крымінальнай справы за траўмы і катаванні,
паведамляе Жамчужны.