Мікалаю Статкевічу не перадалі ніводнага віншавання да дня народзінаў
Палітвязню Мікалаю Статкевічу не перадалі ніводнага віншавання да дня народзінаў, напісала ў Facebook яго жонка Марына Адамовіч. Яна лічыць, што ўлады такім чынам прымушаюць Статкевіча паверыць, «што ніхто яго не падтрымлівае».
Але Адамовіч піша, што Статкевіч прасіў «падзякаваць усім, хто яму іх [віншаванні] адпраўляў, — дадае Адамовіч. —Скажы, што я адчуваю падтрымку людзей нават пад зямлёй».
Нагадаем, Мікалая Статкевіча затрымалі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 31 траўня 2020 года, па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску, дзе ён збіраўся наведаць выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго асудзілі на 15 сутак, потым яшчэ на 15 сутак, а пасля распачалі крымінальную справу.
У снежні мінулага года суд, які праходзіў у закрытым рэжыме на тэрыторыі СІЗА, прыгаварыў Статкевіча да 14 гадоў пазбаўлення волі. Разам з ім судзілі Сяргея Ціханоўскага (18 гадоў калоніі), блогера Ігара Лосіка (15 гадоў), сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні Святланы Ціханоўскай на прэзідэнцкія выбары Арцёма Сакава (16 гадоў), мадэратара сацсетак праекта «Краіна для жыцця» Дзмітрыя Папова (16 гадоў) і блогера Уладзіміра Цыгановіча (15 гадоў калоніі).
12 жніўня Статкевічу споўнілася 66 гадоў.