Статкевічу хочуць забараніць наведваць казіно

Судовы выканаўца даслаў дамоў Міколу Статкевічу ліст, у якім паведаміў пра забарону наведвання «ігорных устаноў», піша жонка палітвязня Марына Адамовіч у сваім фэйсбуку.

Мікалай Статкевіч

Мікалай Статкевіч


З суда Маскоўскага раёна Мінска на імя Міколы Статкевіча прыйшоў ліст, піша Марына Адамовіч. У ім цалкам сур'ёзна палітвязню, які ўжо больш за два гады знаходзіцца за кратамі, забараняецца выязджаць за мяжу і гуляць у азартныя гульні.
«За тое, што ён не аплаціў нейкую там дробязь — і гаварыць няма пра што — нейкіх 133 тысячы, яго збіраюцца абмежаваць у праве выезда за мяжу і, самае страшнае! — не ведаю нават, як і паведаміць гэту жахлівую навіну — у праве наведваць казіно і іншыя "ігорныя ўстановы"», — піша жонка палітвязня.
Нагадаем, аналагічныя абсурдныя рашэнні былі прынятыя ў дачыненні да Ніны Багінскай: 75-гадовай актывістцы забаранілі паляваць, кіраваць аўтамабілем і малагабарытнымі судамі і наведваць казіно. Акрамя таго, аператарам сувязі было забаронена прадастаўляць Багінскай свае паслугі.