Мікола Статкевіч этапаваны з гомельскага СІЗА. Меркавана, у Глыбокае
Пра тое, што палітвязень Мікола Статкевіч пакінуў гомельскае СІЗА, паведаміла ў фэйсбуку яго жонка Марына Адамовіч.
«Пачаўся новы, ва ўсіх сэнсах, этап нашага жыцця. Мікола Статкевіч учора этапаваны з СІЗА у Гомелі. Куды? Невядома. Калі «па закону», то ў Глыбокае. Толькі там ёсць асаблівы рэжым, то-бок «камернае ўтрыманне» — такая сабе турма ў калоніі. Застаецца толькі чакаць і маліцца, каб этап не быў занадта цяжкім. Хаця гэта цяжка заўжды. Бясконца ўдзячная ўсім дарагім гамельчанам, якія нязменна і несупынна нас падтрымлівалі і дапамагалі на працягу ўсяго гэтага часу», — напісала Марына Адамовіч.
Пра «асаблівы рэжым», які чакае мужа, спадарыня Марына распавяла «Новаму Часу» ў сакавіцкім інтэрв'ю.
«Адзінае, у чым я падманулася, што прапусціла — гэта тое, што асаблівы рэжым прадугледжвае камернае ўтрыманне. Гэта такая завуаляваная форма турмы пад выглядам калоніі. Па сутнасці, асаблівы рэжым — гэта ўзаконенае маруднае забойства. Звычайна людзі не выжываюць там на працягу такіх тэрмінаў. Калі я прачытала пра гэта, проста распаўзлася лужынай у тым гомельскім гатэльчыку. Мікалая чакае асаблівы рэжым утрымання ў Глыбокім, куды яго павінны перавесці на працягу дзесяці дзён пасля таго, як пройдзе апеляцыя», — расказала жонка Міколы Статкевіча.
«У Глыбокім вельмі спецыфічны кантынгент, — адзначыла яна таксама. — Там утрымліваюцца
сапраўдныя асабліва небяспечныя рэцэдывісты — забойцы, гвалтаўнікі, асобы,
асуджаныя да пажыццёвага зняволення, і
тыя, каму смяротнае пакаранне замененае на пажыццёвае. Сярод такіх людзей будзе
мой Мікалай. Псіхалагічна гэта моцна мяне ўразіла. Але я ведаю, наколькі моцны
Мікалай чалавек, як і ведаю тое, што ў іх столькі часу дакладна няма».
Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зняволення па палітычнай «справе Сяргея Ціханоўскага». Палітыку інкрымінавалі сшэрыг крымінальных артыкулаў, суд праходзіў у закрытым рэжыме.