На вуліцах Вільні кіроўцы самі злавілі хулігана з Беларусі
У аўторак у Вільні маладыя людзі, абурыўшыся паводзінамі кіроўцы BMW з беларускімі нумарамі, дагналі яго, заблакавалі і выклікалі паліцыю.
Літоўцаў абурыў стыль кіравання беларускага кіроўцы: ён ехаў на вялікай хуткасці, ліха перастройваўся з адной паласы на іншую, не ўключаў «павароты» і ўяўляў небяспеку для ўдзельнікаў руху.
Заўважыўшы абуральныя паводзіны ліхача, яго пачалі пераследаваць маладая пара на "Rover" і маладыя людзі на "VW Sharan". У выніку яны яго дагналі, а калі беларус спыніўся на рэгуляваным пешаходным пераходзе, заблакавалі яго.
Парушальнік прыйшоў у шаленства, стаў крычаць, што правілаў ён не парушаў. Пазней ён заявіў, што «без Беларусі вы былі б г...», пачаў пагражаць тым, што яму на дапамогу прыйдуць «сябры», стаў фатаграфаваць нумары машын, якія яго заблакіравалі, і камусьці тэлефанаваць.
Кіроўца "Rоver" выклікаў паліцыю, якая расследуе выпадак. Паводзіны беларуса зафіксавалі не толькі сведкі, але і відэарэгістратар, усталяваны на машыне "Rover". Запіс перададзены паліцыі.