Настаўніца музычнай школы, якую КДБ залічыў да «тэрарыстаў», выйшла на волю
На волю выйшла палітзняволеная Аксана Каспяровіч.

Суд над Аксанай Каспяровіч праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. 29 чэрвеня гэтага года ёй вынеслі вырак. Жанчыну прызналі вінаватай паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса («Распальванне варожасці ці варажнечы») і асудзілі да года і двух месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Але з улікам тэрміна, які яна ўжо правяла за кратамі, ёй заставалася быць у зняволенні крыху больш за два тыдні.
8 ліпеня Аксана выйшла на волю з гродзенскай турмы № 1, паведамляюць праваабаронцы.
Аксана Каспяровіч была затрыманая 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
КДБ унёс настаўніцу ў «спіс тэрарыстаў» параўнальна нядаўна, 10 чэрвеня.