Навіны дня. Санкцыі супраць Расіі, парушэнні на рэферэндуме і весткі пра палітвязняў

У нашым кароткім дайджэсце ўзгадваем галоўныя падзеі ў Беларусі і свеце, што адбыліся сёння, 23 лютага.

samae_halounae.jpg


Захад і ЗША ўключаюць махавік санкцый у дачыненні да Расіі за яе прызнанне так званых «ДНР» і «ЛНР». Яны закранулі чальцоў ўрада, бізнэсменаў, высокапастаўленых вайскоўцаў і тых, хто ўдзельнічаў у кампаніі дэзынфармацыі супраць Украіны. Пра тое, як ставіцца да гэтых мер Уладзімір Пуцін, чытайце тут.
Стала вядомая дата пачатку суду над палітзняволеным журналістам Алегам Груздзіловічам. Паводле слоў яго жонкі, ёсць спадзеў на вызваленне.
Палітвязню Дзянісу Івашынуперадалі некалькі навагодніх лістоў і паштовак. Зняволены журналіст не меў магчымасці ліставацца амаль пяць месяцаў.
Ужо тыдзень як няма інфармацыі пра стан палітвязня Мікіты Емяльянава. Хлопец абвясціў галадоўку ў карцары магілёўскай турмы.
З-за кратаў дайшоў ліст ад палітвязня Эдуарда Бабарыкі. У ім сын экс-кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі паведамляе, што ў яго ўсё добра: ён малюе і займаецца ёгай.
На Міколу Дзядка ціснуць у калоніі: яму прапанавалі «нізкастатусную» працу і абмяжоўваюць у перапісцы, кажа бацька палітвязня.
Ва Украіне ўводзіцца надзвычайнае становішча ва ўсіх абласцях, акрамя Данецкай і Луганскай. Аб'яўленая таксама мабілізацыя рэзервістаў. Папа Рымскі Францішак прызначыў 2 сакавіка днём малітвы за Украіну.
Праваабаронцы зафіксавалі парушэнні на датэрміновым галасаванні на рэферэндуме. Людзей «падахвочваюць» галасаваць, а з назіральнікамі праводзяць «прафілактычныя гутаркі».
Сёння стала вядома пра затрыманне доктара Уладзіміра Мартава. Ён праходзіць па знакамітым «народным» артыкуле 24.23 (былы 23.34).