«Падобна да масавага мерапрыемства». Падрабязнасці затрымання 12 мінакоў у «антыкавідных» касцюмах

Увечары 26 красавіка ў адным з двароў на сталічнай вуліцы Мендзялеева супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі кампанію, якая прыехала павіншаваць з Днём нараджэння сяброўку. Хлопцаў забралі ў РУУС — разам з імянінніцай. Але гісторыя скончылася добра: іх адпусцілі, нават нягледзячы на тое, што «гэта падобна да масавага мерапрыемства, павінен быць дазвол». Пра тое, што гэта было, TUT.BY распавёў адзін з удзельнікаў віншавання.

photo_2021_04_26_21_25_00.jpg

— Нашай сяброўцы Жэні сёння споўнілася 25 гадоў. Апошнія два тыдні яна сядзела дома на самаізаляцыі, паколькі ў яе быў каронавірус. У нашай кампаніі прынята ладзіць вясёлыя Дні нараджэння, таму мы вырашылі павіншаваць яе не толькі з 25-годдзем, але і «выхадам на свабоду», — распавядае Вадзім.

Кампанія, у якой было 12 чалавек, сабралася ў двары і прыбралася ў «антыкавідныя» касцюмы. У руках яны трымалі плакаты.

— На плакатах былі напісаныя тыя рэчы, з якімі Жэня сутыкнулася падчас хваробы: «Закладзены нос», «Трэба насіць маску», «Ломіць косткі» і гэтак далей. Яна павінна была кідаць у плакаты шарыкі з вадой, і калі яна трапляла, то чалавек павінен быў прыбіраць плакат і дарыць ёй маленькі прэзент. А потым мы планавалі паехаць у бар, дзе ўжо было ўсё замоўлена, — працягвае малады чалавек.

Але працэс віншавання выйшаў скамечаным. Літаральна праз дзве хвіліны пасля таго, як Жэня выйшла з пад'езда, а сябры сталі яе віншаваць, у двор заехаў мікрааўтобус. З яго выйшлі людзі ў цывільным і ахоўных масках і падышлі да моладзі.

— Адзін з мужчын у цывільным адзенні адразу папрасіў кагосьці ўключыць запіс відэа, паказаў пасведчанне і сказаў, што ад неабыякавых грамадзян паступіла паведамленне, што ў двары праходзіць нейкая пратэсная акцыя. Мы распавялі яму пра віншаванні, прадэманстравалі плакаты, Жэня паказала пашпарт, каб сілавікі паглядзелі дату яе нараджэння, — працягвае Вадзім. — І потым гэты мужчына сказаў, што ўсё ж усё «гэта падобна да масавага мерапрыемства, павінен быць дазвол».

Хлопцы змаглі пераканаць яго, што гэта ніякім чынам не масавае мерапрыемства, а Дзень нараджэння —вясёлае свята: сілавікі сышлі ў аўтобус. Але калі Жэня вырашыла працягнуць кідаць шарыкі з вадой у абмен на падарункі, вярнуліся і папрасілі хлопцаў праехаць з імі.

Маладых людзей разам з імянінніцай і яе хлопцам даставілі ў Партызанскі РУУС. Там у іх перапісалі даныя, правялі апытанне і сказалі здымаць абутак і ўпрыгожанні.

— Стала зразумела, што нас павязуць на Акрэсціна, потым мы дачакаемся суда, а з ім — хто штраф, хто суткі. Але тут з'явіўся міліцыянт «80-га левела». Ён сказаў, што мы можам ісці — без пратаколаў. Чацвярых чалавек папрасілі застацца для дадатковай гутаркі, праўда, іх таксама неўзабаве адпусцілі.

У РУУС кампанія правяла паўтары гадзіны. Вадзім адзначае, што ні ў каго з іх не было адміністрацыйных спагнанняў, прыводаў і якіх-небудзь праблем з законам. Магчыма, гэта адыграла сваю ролю, а магчыма, тое, што міліцыянты вельмі старанна правяралі іх словы. Кожнага апытвалі паасобку, і звяралі паказанні, і нават тэлефанавалі ў бар, каб даведацца, ці браніравала Жэня там вечар.

Вядома, у бар хлопцы ўжо не патрапілі. Але гэты Дзень нараджэння і Жэня, і яе сябры запомняць надоўга.