Палітвязня Арцёма Анішчука перазатрымалі за дзень да заканчэння крымінальнага тэрміну

Палітвязень Арцём Анішчук павінен быў выйсці на волю 29 чэрвеня. У гэты дзень цалкам скончыўся ягоны тэрмін пакарання ў два гады паводле артыкулу 339 (хуліганства). Па версіі следства і суду, ён разам з іншымі асобамі пашкодзіў машыну аднаго з супрацоўнікаў Дэпартамента выканання пакаранняў.


Аднак праваабаронцы паведамляюць, што 28 чэрвеня ў 18:00 Арцёма Анішчука арыштавалі паводле арт. 369 КК і ўзялі пад варту згодна з пастановай пракурора Магілёва за паведамленні ў прыватным чаце, у якім адбывалася правакацыя сілавікоў на актыўныя дзеянні.

Пры гэтым ініцыятыва дапамогі палітвязням адзначае, што на момант «учынення злачынства» дзейнічала старая рэдакцыя арт. 369 КК, паводле якой максімальнае пакаранне было звязана з абмежаваннем, а не пазбаўленнем волі.

Вядома, што Арцём Анішчук ужо напісаў і даслаў скаргі на незаконнае ўтрыманне пад вартай.

Справа паводле арт. 369 КК РБ 24 чэрвеня была перададзена пракурору Магілёва для далейшай перадачы ў суд.

Летась на Анішчука, былога супрацоўніка Мінскага метрапалітэну, завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі магілёўскай калоніі № 15. Тады палітвязень заяўляў пра фізічны і псіхалагічны ціск, на знак пратэсту супраць гэтага праглынуў металічныя прадметы.

У выніку пракуратура вынесла пастанову аб спыненні крымінальнай справы, але яе не закрылі.

У гэтай жа калоніі Анішчука пазбаўлялі спатканняў і прэсы.

Сёлета ў траўні Арцём другі раз перахварэў на COVID-19 і тыдзень правёў у санітарнай частцы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: