Палітзняволеная Наталля Хершэ пра разрыў адносінаў з мужам: «Часам у Бога для цябе зусім іншы сцэнар»

У канцы верасня Наталлю Хершэ перавялі ў мужчынскую турму ў Магілёве. «Наша Ніва» даведалася пра ўмовы там, яе здароўе і тое, як жанчына перажыла асабістую драму.

dfd51522_ed43_4246_828e_11d24da6c9ba_w1023_r1_s_1.jpg

«Не буду больш нічога купляць з ежы, бо гэта бессэнсоўна»


Наталля сядзіць адна ў шасцімеснай камеры. Кожны дзень можа выходзіць на гадзінны шпацыр у дворык і рабіць фізічныя практыкаванні. Паводле яе слоў, стаўленне адміністрацыі да яе тут лепшае, чым у гомельскай калоніі.
Раней Наталля распавядала, што ў яе моцна выпадаюць валасы. Цяпер сітуацыя не такая крытычная.
«Ёй правялі дасканалае медыцынскае абследаванне, цэлы дзень вазілі па вузкіх спецыялістах. І прызначылі гарманальныя лекі, замяшчальную тэрапію, якая ёй неабходная», — кажа брат Генадзь.
Апошні раз сястра тэлефанавала яму 30 лістапада. Усе спатканні з ёю забаранілі да траўня. Бандэролі забаранілі да чэрвеня.
«Гэта той шлейф пакаранняў, які цягнецца з гомельскай калоніі, — тлумачыць ён. — Мне вярнулася 22-кілаграмовая пасылка з рэчамі — яе не прынялі. Даслалі пісьмовы адказ, што наступную можна адправіць не раней за канец траўня».
Атаварвацца ў турэмнай краме Наталля можа толькі на 29 рублёў у месяц (адну базавую велічыню).
«Яна неяк купіла сыру, марской капусты. Каб яны не сапсаваліся, у торбачцы вывесіла іх за акенца. Прыйшлі супрацоўнікі, сказалі, што так трымаць прадукты забаронена, і давялося выкінуць іх. Кажа: "Не буду больш нічога купляць з ежы, бо гэта бессэнсоўна, няма ўмоў для захоўвання"».
Гэтыя дробязі, якія не робяць яе знаходжанне там камфортным, канечне, крыху псуюць настрой. Але яна не губляе аптымізму і сілы духу. Піша: "Усё гэта нічога, галоўнае — выстаяць, дачакацца"».

«У мяне ўжо гэта адбалела»


Муж Наталлі Роберт, які жыве ў Швейцарыі, напісаў ёй, што хоча расстацца з ёю.
«Нядаўна мне прысніўся сон, звязаны з Робертам. Калі я прачнулася, прааналізавала яго, мне стала раптам усё ясна: часам у Бога падрыхтаваны для цябе зусім іншы сцэнар, і ты павінен праявіць мудрасць і змірэнне, прыняць яго без душэўных перажыванняў.
Ён можа моцна адрознівацца ад тваіх уяўленняў і жаданняў, але ён і ёсць слушны для цябе. Безумоўна, нейкі час усё ж неабходны, каб гэтае заключэнне ўкаранілася ў тваёй свядомасці», — пісала яна ў лісце брату.
Паводле слоў Наталлі, яна пакутавала ад разрыву з мужам цягам месяца.
«А потым прыйшла да высновы, што ўсё, што робіцца, так і патрэбна. "Я павінна ўзяць гэты жыццёвы ўрок і ісці далей"», — пераказвае словы сястры Генадзь.
Муж спрабаваў звязацца з Наталляй праз некалькі тыдняў, пераасэнсаваў свой учынак і сумаваў па жонцы, даслаў ёй два лісты. Прасіў, каб яна даравала яму, бо ён не можа без яе.
«Наталля ў тэлефоннай размове са мной была катэгарычная: "Гена, у мяне ўжо гэта адбалела". Я ведаю яе характар — жорсткі, просталінейны. Але я б хацеў, каб яна ўсё ж даравала. Бо ў першы год, самы цяжкі, Роберт шмат для яе зрабіў. І ўсё ж прыйшоў да высновы, што па-ранейшаму яе кахае», — кажа брат Наталлі Хершэ.