Пісьменніцы забаранілі на 20 гадоў уезд у Беларусь, бо адмовіла ў інтэрв’ю прапагандыстам РФ

Польская пісьменніца хацела скарыстацца беларускім бязвізам — наведаць Пінск, дзе працавалі яе дзяды. Але замест чаканага падарожжа атрымала рэкордную забарону на ўезд у Беларусь. І ўсё з-за Саюзнай дзяржавы.

034d0000_0aff_0242_464e_08daf30932b9_cx0_cy13_cw0_w1023_r1_s.webp

Мая Вольны хацела наведаць Беларусь па бязвізавым рэжыме, які ўлады ўвялі як «пацвярджэнне адкрытасці краіны, накіраванасці на добрасуседства і ўмацаванне міжнацыянальных сувязей». Пра тое, чаму ў яе гэта не атрымалася, піша «Свабода»

Пісьменніца планавала наведаць Пінск, дзе ў міжваенны перыяд жылі і працавалі яе дзяды, а таксама пабачыць мясціны, звязаныя з вядомым польскім пісьменнікам, майстрам рэпартажнага жанру Рышардам Капусцінскім, які нарадзіўся ў Пінску. У Мінску Вольны планавала сустрэцца з беларускімі праваабаронцамі і інтэлектуаламі.

У Пінск Мая Вольны ехала аўтобусам з Варшавы. У Брэсце ў яе пачаліся праблемы.

«Беларуская памежніца доўга разглядала мой пашпарт, распытвала пра мэту паездкі. Потым сказала, каб я пачакала ў невялікай кабінцы. Памежнікі забралі мой пашпарт і доўга пра нешта размаўлялі, а мне сказалі чакаць і не рухацца. Потым, пасля 23.00, прыйшоў іншы памежнік і зачытаў мне пастанову пра тое, што ў выніку рашэння ўладаў РФ мне забаронены ўезд на 20 гадоў», — расказала Св*бодзе Мая Вольны.

Прычыну беларускі памежнік не паведаміў, спаслаўшыся на тое, што ў беларускай кампутарнай сістэме яна «не бачная». Пасля жанчыну папрасілі забраць рэчы з аўтобуса і пасадзілі ў легкавы аўтамабіль з трыма мужчынамі.

«Мне сказалі, што толькі так я магу вярнуцца ў Польшчу. Я села ў машыну, і толькі тады мне аддалі пашпарт. Мужчыны, беларусы, дапамаглі мне перайсці мяжу на польскі бок», — сказала Вольны.


Польцы забаранілі наведваць Беларусь да 30 лістапада 2042 году. Раней пра такія вялікія тэрміны забароны на ўезд публічна не паведамлялася. Права наведваць Беларусь абмяжоўвалася максімальна на 10 год.

У мінулым годзе польская пісьменніца шмат падарожнічала па Расіі, збіраючы матэрыял для новай кнігі. Яна лічыць, што забарона з боку РФ можа быць звязаная з яе крытычнымі выказваннямі ў сацыяльных сетках і адмовай даць інтэрв’ю тэлеканалу Russia Today за некалькі тыдняў да Новага году.

«У той самы час у Расіі пераклалі і апублікавалі іншае інтэрв’ю са мной, дзе я разважала пра стан расійскага грамадства. Пасля гэтага на мяне пасыпалася маса гнеўных каментароў, а тую размову ў выніку выдалілі з сайта», — расказала пісьменніца Св*бодзе.


Мая Вольны — пісьменніца, рэпарцёрка, доктарка гуманітарных навук. Пачынала працаваць у рэдакцыі культуры польскага тыднёвіка Polityka. Працавала дырэктаркай музею ў Бельгіі і аглядальніцай найважнейшага фламандскага інфармацыйнага сайта VRT. Аўтарка сямі мастацкіх раманаў і дзьвюх кніг нон-фікшн.

Бязвізавы рэжым для грамадзян Польшчы ўвялі 1 ліпеня 2022 году. Улады сцвярджаюць, што ім ужо скарысталіся звыш 35 тысяч палякаў. У снежні бязвіз працягнулі на год.