Петыцыю супраць «100 даляраў за выезд» падпісалі ўжо больш за 14 тысяч чалавек
Петыцыю супраць ўвядзення выязной пошліны для беларусаў падпісалі ўжо 14 558 чалавек (па стане на 13:15 12 верасня). За ўчарашні дзень подпісы паставіла каля 8000 чалавек.
Петыцыя аўтарства сябра БХД Аляксея Шэіна з’явілася на адмысловым інтэрнэт-рэсурсе Change.org у мінулую пятніцу.
У петыцыі сцвярджаецца, што прапанова Лукашэнкі браць па 100 даляраў ЗША з тых, хто выязджае за мяжу на закупы, парушае Канстытуцыю Беларусі і шэраг міжнародных канвенцый, ратыфікаваных
краінай.
Подпісы супраць «100 даляраў за выезд» будуць накіраваныя Аляксандру Лукашэнку, Міхаілу Мясніковічу і ў абедзве палаты нацыянальнага сходу.
Нагадаем, у мінулую пятніцу Лукашэнка прапанаваў увесці такі збор з тых, хто выязджае з Беларусі на закупы ў суседнія краіны. Неўзабаве на ініцыятыву адрэагавалі чыноўнікі. У сераду
віцэ-прэм’ер Пятро Пракаповіч заявіў, што пытанне увядзення пошліны будзе разгледжана цягам бліжэйшага месяца-паўтара.
nn.by