Прысуд палітвязню Арцёму Баярскаму пакінулі ў сіле
Сёння Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенага Арцёма Баярскага на прысуд Мінгарсуда.

Арцём Баярскі
Скаргу Арцёма Баярскага разглядала судовая калегія пад старшынствам суддзі Андрэя Кавальчука. Прысуд пакінулі без зменаў, паведамляюць праваабаронцы. Гэта значыць, што ў хуткім часе Арцёма этапуюць у калонію адбываць пакаранне тэрмінам на пяць год.
У Мінскім гарадскім судзе 9 снежня палітвязню прысудзілі 5 гадоў калоніі. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома толькі, што Арцёма абвінавачвалі ў адміністраванні тэлеграм-канала "Мая краіна Беларусь" і тэлеграм-чата "Я выхожу/МКБ", а таксама ва ўдзеле ў Маршы "Народнага ўльтыматума" 25 кастрычніка мінулага года.
У канцы снежня Арцёма этапавалі ў магілёўскую турму нягледзячы на тое, што лекар прапісаў хлопцу пасцельны рэжым.
Адрас для лістоў: Турма №4. 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99А, Арцёму Юр'евічу Баярскаму.