Раман Пратасевіч збіраецца падаць пазоў супраць «Ryanair»
Затрыманы ў выніку прымусовай пасадкі самалёта ў Беларусі апазіцыйны журналіст Раман Пратасевіч рыхтуецца падаць пазоў да авіякампаніі «Ryanair».
Раман Пратасевіч сказаў пра гэта ў апублікаваным сёння, 3 лютага, відэазвароце
на канале «Сістэмная праваабарона».
«Не буду раскрываць усе падрабязнасці, але я планую падаць пазоў да авіякампаніі "Ryanair". Таксама я заклікаю падаць падобныя пазовы ўсіх пасажыраў, якія знаходзіліся на борце гэтага рэйса», — заявіў Пратасевіч.
Пратасевіч паабяцаў паведаміць дэталі, як толькі ўсё будзе падрыхтавана, і заявіў, што над пазовам працуе каманда юрыстаў.
Таксама Пратасевіч выказаў надзею, што яго заяву разгледзіць Савет Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO)
— Я гатовы даць задакументаваныя доказы ўсіх сваіх слоў. І гэтыя ж доказы гатовыя даць афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь, у распараджэнні якіх гэта знаходзіцца, — сказаў Пратасевіч.
Паводле interfax.ru