Разгром светлагорскага «Ранку» — за што?
Журналісты лакальнай тэлерадыёкампаніі «Ранак» трапілі пад «зачыстку» СМІ або не дагадзілі чымсьці іншым?
Усё пачалося з таго, што сёлета 9 чэрвеня сілавікі ГУБАЗіКа затрымалі дзевяць супрацоўнікаў «Ранак-медыя» і «Ранак-рэклама», якія рыхтавалі тэле- і радыёнавіны, выдавалі газету «Ранак-плюс» і займаліся рэкламай у Светлагорску.
У ліку затрыманых былі журналіст Андрэй Ліпскі, аператар Павел Рабко, галоўны рэдактар Вадзім Вежнавец, аператар Уладзімір Папоў, маркетолаг Марына Бычкоўская, галоўная бухгалтарка Алена Кісялёва, сакратарка Крысціна Казялькова. Яшчэ дзвюх супрацоўніц — Ганну Згурскую (была цяжарная) і Лізавету Шавяленка (мае інваліднасць) — адпусцілі пасля складання пратаколаў. Усіх іх абвінавацілі ў «распаўсюджванні экстрэмісцкіх матэрыялаў» на падставе ч.2 арт.19.11 КаАП.
7 снежня зноў прайшла хваля допытаў і затрыманняў супрацоўнікаў «Ранку». Тады перасталі выходзіць на сувязь Людміла Андэнка (карэспандэнтка) і Юлія Даўлетава (былая галоўная рэдактарка), таксама няма сувязі з дырэктаркай Аленай Шчэрбін. Жанчын затрымалі ў межах крымінальнай справы па арт.361-1 Крымінальнага кодэкса («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Яны ўтрымліваюцца ў ізалятары часовага ўтрымання Жлобіна. Пра тое, якія прычыны выклікалі пераслед супрацоўнікаў «Ранку» і ці спыніцца на гэтым рэпрэсіўная машына, расказала гомельскаму выданню «Штодзень» праваабаронца Алена Маслюкова.
— Чым «насалілі» ўладам журналісты лакальнага СМІ, што на іх адкрываюць крымінальныя справы, праводзяць арышты і затрыманні?
— Я б тут адказала пытаннем на пытанне. А чым увогуле насаліў беларускі народ цяперашняму рэжыму, што кожны дзень абвяшчаюцца тыя ці іншыя рэсурсы «экстрэмісцкімі», ствараюцца «экстрэмісцкія фарміраванні», людзей абвяшчаюць «тэрарыстамі»?.. Калі ўдацца ў гісторыю, то на заводзе беленай цэлюлозы ў Светлагорску адбыўся выбух, у выніку якога загінулі людзі. Калі ў чэрвені гэтага года супрацоўнікі «Ранку» паведамілі, што здарылася катастрофа, то праз пэўны час пачаўся жорсткі пераслед. На пачатку жніўня ў кватэру журналіста Андрэя Ліпскага ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗа, пазней была затрымана галоўная рэдактарка Юлія Даўлетава. І, у прынцыпе, наколькі нам было вядома, 9 супрацоўнікаў падвергліся рэпрэсіям. І ўжо тады было ясна, што гэта толькі пачатак прэсінгу. 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў матэрыялы, якія выдаваліся «Ранкам», экстрэмісцкімі. Гэтыя дзеянні павінны былі адразу насцярожыць усіх, хто працаваў у тым СМІ. Але, на жаль, атрымалася так, што частка людзей пакінула Беларусь, баючыся пераследу, але большасць засталася ў Беларусі. Тое, што адбылося цяпер, — гэта працяг тых сумных падзей.
— Брутальныя дзеянні ўлады ў дачыненні да «Ранку» ўсё роўна не ўкладаюцца ў галаву. Гэты тэлеканал да 2020 года цяжка было назваць апазіцыйным ці незалежным, яны ўвесь час падавалі, мякка кажучы, стрыманую інфармацыю…
Я з вамі пагаджуся на 100%. На пачатку 1990-х гадоў, калі стваралася гэтая кампанія, іх можна было лічыць незалежным СМІ. Але з цягам часу актыўная супраца з выканкамам зрабіла іх «нейтральнымі». Але, тым не менш, у горадзе яны карысталіся попытам, бо гэта была крыніца інфармацыі, якой мясцовыя людзі больш-менш давяралі, у параўнанні з раённай газетай, якая дагэтуль з’яўляецца друкаваным органам выканаўчага камітэта. У 2020 годзе журналісты «Ранку» спрабавалі рабіць матэрыялы пра актуальныя падзеі, але не магу сказаць, што тыя матэрыялы былі надта «рэвалюцыйнымі». Хутчэй журналісты канстатавалі факты, што здарылася тое ці іншае. І тое, што да іх прыйшлі ў 2023 годзе, гэта вынік палітыкі, якая праводзіцца ў беларускай дзяржаве, каб знішчыць нават такія СМІ, якія не ўяўляюць вялікай пагрозы. То-бок трыгерам, канешне, стала менавіта тое, што інфармацыя пра здарэнне на заводзе, якую ўлады не хацелі публічыць, «злілася» ў грамадства.
— Якія высновы можна зрабіць з сітуацыі са светлагорскім «Ранкам»?
Назіраючы за тым, што адбываецца ў Беларусі, можна зрабіць выснову, што нават тыя, хто праяўляюць абсалютную лаяльнасць да ўлады, не маюць індульгенцый. І ўсё больш людзей будзе падвяргацца рэпрэсіям. Гэта прырода рэпрэсіўнай машыны. Згадайце рэпрэсіі, якія праводзіліся бальшавікамі. Калі забіралі сялян, рабочых, то гэта спачатку не ўспрымалася грамадствам як «рэпрэсіі». Гаворка ішла пра «змаганне з ворагамі». Чаму ж пазней сталі крычаць пра рэпрэсіі? Таму што бальшавікі, як павукі ў банках, сталі паядаць самі сябе, пачалі падвяргаць рэпрэсіям гучныя імёны… Вось тады тэма рэпрэсій і загучала. Гэта гістарычна так закладзена. Калі цяпер затрымліваюць дырэктараў малочных прадпрыемстваў, кіраўнікоў заводаў, супрацоўнікаў СМІ, сябраў палітычных партый, гэта ўсё вынік развіцця гэтай сістэмы. Левіяфан харчуецца.
Нагадаем, прыватная тэлерадыёкампанія «Ранак» была заснавана ў Светлагорску два дзесяцігоддзі таму прадпрымальнікам Ігарам Кашлікавым. Высілкамі дырэктара неўзабаве там стварылі яшчэ і прыватнае прадпрыемства «Ранак-рэклама», якое займалася рэкламай, паліграфіяй, СМІ. У рэгіёне ТРК стала заўважнай інфармацыйнай структурай. Паводле яе ўласных ацэнак, аўдыторыя кампаніі — гэта 100 тысяч жыхароў горада і раёна. Дарэчы, практыку інфармавання насельніцтва тэлерадыёкампаніяй вывучалі нават дэпутаты мясцовых саветаў, наведваючы створаны медыяхаб «Гарышча».
Заснавальнік і ўласнік кампаніі Ігар Кашлікаў у 2021 годзе праз прэтэнзіі падатковай службы пакінуў межы Беларусі, даверыўшы выконваць абавязкі кіраўніка галоўнаму рэдактару Вадзіму Вежнаўцу.