Салдат тэрміновай службы загінуў ля мяжы з Літвой: «Выйшаў пакурыць і застрэліўся»
Салдат тэрміновай службы загінуў ля мяжы з Літвой, пазаўчора, 25 сакавіка. Сваякам заявілі, што гэта суіцыд, піша «Люстэрка». Міністэрства абароны афіцыйна пра гэта надзвычайнае здарэнне ў частцы нічога не паведамляла.
![_armija___abarona___sztab___vojska__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1__1_logo.jpg _armija___abarona___sztab___vojska__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1__1_logo.jpg](/img/v1/images/_armija___abarona___sztab___vojska__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo__1__1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Пастаўскім раёне 25 сакавіка скончыў жыццё самагубствам салдат тэрміновай службы. Пра гэта «Люстэрку» расказалі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы.
Маладога чалавека звалі Мікіта Літвіновіч. Ён служыў у 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгадзе, дыслакаванай у вёсцы Заслонава Віцебскай вобласці. У сярэдзіне сакавіка брыгаду адправілі бліжэй да літоўскай мяжы ў межах праверкі боегатоўнасці.
![Мікіта Літвіновіч, салдат тэрміновай службы, які загінуў пад Паставамі. Фота: vk.com Мікіта Літвіновіч, салдат тэрміновай службы, які загінуў пад Паставамі. Фота: vk.com](/img/v1/images/nikita_litvinovich_srochnik.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мікіта Літвіновіч, салдат тэрміновай службы, які загінуў пад Паставамі. Фота: vk.com
Глядзіце таксама
![Краіне патрэбная сур'ёзная праграма псіхалагічнай дапамогі — Кныровіч Аляксандр Кныровіч: Краіне патрэбная сур'ёзная праграма псіхалагічнай дапамогі](/img/v1/images/scale_1200_80.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Мікіта Літвіновіч нарадзіўся ў 2003 годзе ў горадзе Паставы. Улетку 2022-га скончыў Пастаўскі дзяржаўны каледж па спецыяльнасці «Тэхнічнае забяспечанне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў». Увосень таго ж года хлопца прызвалі на тэрміновую вайсковую службу.
Малады чалавек трапіў у 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду, служыў памочнікам гранатамётчыка.
15 сакавіка 2024 года прэс-служба Міністэрства абароны паведамляла, што ў межах праверкі баявой гатоўнасці злучэнняў і вайсковых частак гэтай брыгадзе «трэба будзе выйсці ў прызначаныя раёны і пасля іх заняцця быць у гатоўнасці да правядзення серыі вучэнняў, у тым ліку з баявой стральбой».
Глядзіце таксама
![На мінулым тыдні ў Печах застрэліўся салдат тэрміновай службы У Печах застрэліўся салдат — кажуць, за яго ўзяўся ідэолаг](/img/v1/images/default_01_2.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», 19-я брыгада мусіла адправіцца ў Ашмянскі раён. Але знаёмыя Мікіты Літвіновіча сцвярджаюць, што малады чалавек апынуўся пад роднымі Паставамі, ля аграгарадка Камаі за 10 кіламетраў ад мяжы з Літвой.
25 сакавіка малады чалавек скончыў жыццё самагубствам.
— Камандзіры не паведамілі бацькам ніякіх падрабязнасцяў, — расказала «Люстэрку» крыніца. — Бацьку ўдалося толькі даведацца, што разам са сваімі калегамі Мікіта «прыехаў на пункт», выйшаў пакурыць і застрэліўся.
Паводле суразмоўцы журналістаў, ніякіх перадумоваў да самагубства ў паводзінах хлопца не было:
— Мікіта быў вельмі добрым чалавекам, заўсёды трымаўся на пазітыве. Не магу ўявіць, што яго магло прымусіць здзейсніць суіцыд.
Глядзіце таксама
![На БелАЭС застрэліўся салдат тэрміновай службы На БелАЭС застрэліўся салдат тэрміновай службы](/img/v1/images/belaes_3.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Мікіту Літвіновіча пахавалі сёння, 27 сакавіка, у яго родных Паставах.
Міністэрства абароны афіцыйна пра гэта надзвычайнае здарэнне ў частцы нічога не паведамляла. Журналісту «Люстэрка» не ўдалося аператыўна атрымаць каментар ні ў вайсковай частцы, дзе служыў Мікіта, ні ў Мінабароны.
Нагадаем, як пісаў НЧ, Беларусь займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгах краін па ўзроўні дэпрэсіі і па колькасці самагубстваў у разліку на 100 тысяч насельніцтва.