«Слава Украіне! Жыве Беларусь!». Сахашчык пачаў працэдуру выхаду з расійскага грамадзянства

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях абароны і нацыянальнай бяспекі падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Сахашчык распачаў працэдуру выхаду з расійскага грамадзянства.

Скрын reform.by

Скрын reform.by

Як паведамляе Аб'яднаны пераходны кабінет (створаны ў жніўні Святланай Ціханоўскай), сёння Сахашчык адправіў у амбасаду РФ у Польшчы заяву з просьбай дазволіць яму выхад з грамадзянства РФ.

«Прыбыў на пошту для адпраўкі пакета дакументаў на адмову ад расійскага грамадзянства. Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што асуджаю агрэсію Расіі супраць Украіны. Жадаю ўкраінскаму народу хутчэйшай перамогі. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — сказаў Сахашчык перад будынкам пошты.

Аб наяўнасці ў Сахашчыка расійскага пашпарта стала вядома 13 верасня. Падпалкоўнік растлумачыў журналістам, што атрымаў яго ў 1992 годзе аўтаматычна, бо ў той час служыў пад юрысдыкцыяй Расіі ў ГДР. Дакументам ён перастаў карыстацца больш за дзесяць гадоў таму.

Як мяркуецца, тэмы расійскага грамадзянства Сахашчыка ўкінулі ў сеціва сілавікі, якія знайшлі пашпарт пры вобшуку па месцы жыхарства паплечніка Ціханоўскай. Відавочна, што такім чынам рэжым спрабаваў унесці раскол у дэмакратычныя сілы, але высілкі аказаліся беспаспяховымі.