Стала вядома, калі пачнуць судзіць экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева
Прызначана дата суда над былым кандыдатам у прэзідэнты Андрэем Дзмітрыевым, паведамляюць праваабаронцы. Яго будуць судзіць паводле народнага артыкула 342 Крымінальнага кодэкса.

Суд Маскоўскага раёна Мінска 5 красавіка пачне разгляд крымінальнай справы сустаршыні аб'яднання «Говори правду» і былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева. Палітыка абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
Справу прызначылі разглядаць суддзю Кацярыну Мурашка.

Андрэй Дзмітрыеў — былы кандыдат у прэзідэнты, сузаснавальнік і сустаршыня аб'яднання «Говори правду». Цягам 2021 года ў аб'яднанні прайшлі вобшукі, пасля чаго рахункі арганізацыі заблакіравалі. 12 жніўня 2021 года Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі. Перад гэтым кандыдат у прэзідэнты Беларусі Дзмітрыеў заяўляў, што ў яго адрас паступаюць шматлікія пагрозы.
Паўторна палітыка затрымалі 11 студзеня 2023 года. Следчы камітэт паведаміў, што Дзмітрыеў нібыта ўдзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 — пасля 2020 года». Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб «каардынацыі яго палітычнай дзейнасці з-за мяжы».

У якасці доказу «дэструктыўнай дзейнасці» палітыка СК апублікаваў яго фота 11-гадовай даўніны разам з тагачасным дзяржсакратаром ЗША Хілары Клінтан.
Да суда Андрэя Дзмітрыева ўтрымліваюць у СІЗА №1 Мінска.
Вядома, што палітык мае траіх дзяцей.