Стала вядома, за што другі раз судзяць Зянковіча. Суд зноў закрыты

Палітвязня вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады. Зянковіч нібыта хацеў падаць праваахоўнікаў Мядзельскага раёна ў непрыглядным святле, піша «Св*бода».

На акцыі пратэсту ў ЗША

На акцыі пратэсту ў ЗША

Зноў судзяць Юрася Зянковіча, якога раней пакаралі 11 гадамі зняволення за «змову аб захопе ўлады». Суддзя Аляксандр Шутко па хадайніцтве дзяржабвінавачання зрабіў працэс закрытым.

Як піша дзяржаўная газета «Мінская праўда», «Зянковіч у 2020-2021 гадах неаднаразова з пачуцця помсты ад свайго імя пакідаў абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале, прызнаным экстрэмісцкім».

Такім чынам Зянковіч нібыта хацеў падаць праваахоўнікаў Мядзельскага раёна ў непрыглядным святле. Сярод пацярпелых тры асобы.


Паводле адваката Юрася Зянковіча, з боку абароны будуць запрошаны сведкі.

Доказаў віны Зянковіча няма, кажа адвакат.

«Невядомы ні месца, ні час, ні тое, хто канкрэтна дасылаў гэтыя паведамленні. Гэта нічым не пацвярджаецца практычна. А ўсе сумневы павінны трактавацца на карысць майго падабароннага. Падчас пасяджэння ён назваў некаторых людзей, якія мелі доступ да яго гаджэтаў. Плюс тых, хто меў доступ да яго камп'ютара ў офісе, дзе быў усталяваны працоўны Telegram. Далёка не адзін чалавек мог дасылаць з яго інфармацыю», — паведаміў абаронца.


Юрыста Юрася Зянковіча асудзілі 2 верасня 2022 года па «справе змоўшчыкаў» на 11 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Ён абвінавачваўся паводле ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэкса («Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам»), ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім»), ч. 3 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады»), ч. 3 арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»).